Радыё "Свабода" выпусціла чарговую кнігу з серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе"
25 траўня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі "Беларуская Атлянтыда", аўтарам якой з'яўляецца журналіст Радыё "Свабода", вядоўца аднайменнай праграмы Вячаслаў Ракіцкі. БАЖ шчыра віншуе свайго калегу з выхадам кнігі!
Імпрэза сабрала каля 150 чалавек, сярод якіх былі такія знаныя ў Беларусі асобы, як Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч, Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Сагановіч, Алег Трусаў, Сяргей Харэўскі і іншыя.
"Пакуль нацыя не набудзе свой міт, яна не стане паўнавартаснай - у гэтым палягае ідэя "Беларускай Атлянтыды", - зазначыў пад час прэзентацыі Вячаслаў Ракіцкі.
Прэзентацыя адбывалася ў фармаце інтэрв'ю: сп. Ракіцкі звяртаўся да кожнага выступоўцы з кароткімі пытаннямі, і гэткім чынам праз удзельнікаў вечарыны прадстаўлялася тэматыка кнігі. У часе прэзентацыі праводзілася віктарына: усім удзельнікам прапаноўвалі адказаць на пытанні, адказы на якія гучалі ў выпусках праграмы "Беларуская Атлянтыда". Пераможцы атрымалі асобнікі кнігі.
"Беларуская Атлянтыда" - дзесятая па ліку кніга з серыі "Бібліятэка Свабоды. XXI cтагодзьдзе", якая складаецца з тэкстаў аднайменных перадач, якія гучалі на хвалях "Свабоды" з 2000 да 2005 г.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў, паводле паведамлення Радыё "Свабода"