Жанна Літвіна: "Дэпартацыя польскіх журналістаў - гэта чарговая спроба ўстанавіць манаполію на інфармацыю"


"Дэманстрацыяй палітыкі ўстанаўлення жорсткай манаполіі на інфармацыю" назвала дэпартацыю з Беларусі польскіх тэлежурналістаў старшыня БАЖ* Жанна Літвіна.

"Дэманстрацыяй палітыкі ўстанаўлення жорсткай манаполіі на інфармацыю" назвала дэпартацыю з Беларусі польскіх тэлежурналістаў старшыня БАЖ Жанна Літвіна.

"Гэта з'яўляецца парушэннем артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю, які гарантуе свабоду шукаць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў... Зразумела, што ўлады пераследавалі тут і мэту забараніць замежным журналістам 26 красавіка быць сведкамі вулічнай акцыі, прымеркаванай да гадавіны Чарнобылю. Дзяржаўнае тэлебачанне падае падрыхтоўку да яе як жаданне дэстабілізаваць унутраную сітуацыю, наўмысна нагнятае страх у людзях. А кожны прыезд сюды замежных журналістаў - гэта шанец для людзей атрымаць незалежную, неадцэнзураваную інфармацыю...

Сумна, што гэткія падзеі адбываюцца напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца ва ўсім дэмакратычным свеце 3 траўня. Беларусь чарговым разам прадэманстравала, што ігнаруе прынцыпы свабоды слова і не дбае пра свой імідж у свеце. БАЖ, са свайго боку, выказвае словы салідарнасці і падтрымкі нашым польскім калегам, якія зноў сталіся ахвярамі хамскага абыходжання з журналістамі ў нашай краіне", - зазначыла Ж. Літвіна.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"