Пракуратура г.Мінска не лічыць, што правы журналістаў былі парушаныя
Пракуратура г. Мінска не знайшла падставаў для прыняцця захадаў пракурорскага рэагавання, разгледзеўшы скаргу БАЖ аб парушэнні правоў журналістаў, што апынуліся за кратамі ў канцы сакавіка. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымала арганізацыя ад старшага памочніка пракурора г. Мінска сп-ра Сямёнава ў канцы мінулага тыдня.
У пасланні сцвярджаецца, што ўсе затрыманыя 21-24 сакавіка былі змешчаныя ў спецпрымальнік на падставе пратаколаў аб адміністратыўным затрыманні; напрацягу сутак адміністрацыя паведаміла пра іх месцазнаходжанне блізкім; затрыманых забяспечвалі гарачым харчаваннем, спальным месцам; матэрыяльна-побытавыя ўмовы іх утрымання адпавядалі ўстаноўленым нормам; яны карысталіся ўласнай вопраткай па сезоне і мелі пры сабе прадметы асабістай гігіены і г.д.
Тэкст паслання амаль поўнасцю дублюе тэкст ліста, які БАЖ атрымаў на мінулым тыдні з ГУУС Мінгарвыканкама.
Нагадаем, што 24 сакавіка БАЖ накіраваў скаргу начальніку спецпрымальніка на Акрэсціна, начальніку ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама пракурору г. Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асобаў, вінаватых у парушэнні правоў затрыманых і арыштаваных журналістаў. БАЖ звяртаў увагу на шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў працэсе затрымання журналістаў і іншых грамадзян: змяшчэнне ў спецпрыёмнік без адпаведнай дакументацыі; адсутнасць своечасовай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне; парушэнне нормаў умоваў утрымання людзей; кепская праца сістэмы перадачы асабістых рэчаў і прадуктаў харчавання затрыманым.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"