Крымінальную справу па фактах збіцця журналістаў 2 сакавіка дагэтуль не завялі
Крымінальная справа па фактах збіцця карэспандэнтаў газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии" і агенцтва "Reutеrs" каля будынку Кастрычніцкага РУУС Мінска 2 сакавіка пакуль не заведзена. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 29 сакавіка паведаміў генеральны пракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч. Журналісты заўважылі, што на ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце збіцця журналістаў БТ спатрэбіліся лічаныя дні, а праверка па факце збіцця прадстаўнікоў недзяржаўнай і замежнай прэсы доўжыцца ўжо амаль месяц. П. Міклашэвіч заявіў на гэта, што ў выпадку з БТ "падставы і нагоды для ўзбуджэння крымінальнай справы былі адразу відавочныя".
Па яго словах, цяпер працягваецца праверка фактаў 2 сакавіка. "Пракуратура рэспублікі возьме гэта на кантроль. Сапраўды, у мяне на стале ляжыць зварот Міжднароднай асацыяцыі журналістаў (відавочна, Міжнароднай Федэрацыі журналістаў, - прым. БАЖ). Мы, канешне, расследуем, і адпаведна будзе дадзеная прававая ацэнка, калі супрацоўнікі органаў унутраных спраў у той сітуацыі дзейнічалі неправамоцна", - сказаў П.Міклашэвіч.
Адказваючы на пытанне, чаму для ўзбуджэння крымінальнай справы па факце збіцця супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі 25 сакавіка спатрэбіліся лічаныя дні, а па выпадку з журналістамі у Кастрычніцкага РУУС праверка доўжыцца ўжо амаль месяц, генеральны пракурор сказаў, што абставіны збіцця супрацоўнікаў БТ "былі відавочныя". У выпадку ж каля Кастрычніцкага РУУС "абставіны не настолькі відавочныя, таму ўсё будзе вырашацца ў адпаведнасці з законам".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
паводле БелаПАН