П.Шарамет як мінімум да панядзелка будзе знаходзіцца ў інфекцыйным шпіталі на Крапоткіна ў Мінску”


У 17.40 Шарамет знаходзіўся ў прыёмным аддзяленні інфекцыйнага шпіталю на вул. Крапоткіна ў Мінску.

У 17.40 Шарамет знаходзіўся ў прыёмным аддзяленні інфекцыйнага шпіталю на вул. Крапоткіна ў Мінску. Менавіта там прадстаўнікам БАЖ удалося з ім сустрэцца і пагутарыць. Каля 18.00 ім паведамілі, што П. Шарамет шпіталізаваны і будзе знаходзіцца на Крапоткіна як мінімум да панядзелка. У журналіста ёсць сляды збіцця на твары.

П. Шарамет пацвердзіў, што яго затрыманне адбылося каля аптэкі на вул. Леніна. “Мы ішлі ўздоўж гэтай вуліцы, і, калі праходзілі каля аркі, з мікрааўтобуса, што там быў прыпаркаваны, выйшлі людзі ў цывільным. Яны сказалі, што яны з крымінальнага вышуку. (У пратаколе яны і фігуруюць як асноўныя сведкі: Строганаў і Баравікоўскі)...”
Як паведаміў Павел, “гэта было сілавое затрыманне ў вельмі жорсткай форме”. “Мяне скруцілі, у кайданках (яшчэ сляды засталіся) кінулі ў мікрааўтобус, нацягнулі шапку і пачалі збіваць, пры гэтым кажучы, што, маўляў, “не будзем біць па твары”. Паўгадзіны вазілі па Мінску, нешта крычалі: “што ты гаворыш, што ты пішаш?...” Я на пытанні не адказваў, проста маўчаў. Потым яны мяне прывезлі, як потым аказалася, у Цэнтральны РУУС. Потым паўгадзіны мяне трымалі, каб я не падымаў галавы, не бачыў, дзе я знаходжуся. (Зараз жа я таксама ў суправаджэнні міліцыянтаў – вы не бачылі? Двое ў цывільным і чацвёра - так). Яны склалі на мяне адміністратыўны пратакол, што я лаяўся матам, зневажаў супрацоўнікаў міліцыі і прэзідэнта... Я адмовіўся падпісваць гэтыя дакументы, а напісаў толькі тлумачальную, што я прыехаў у Мінск, што тут у мяне жывуць бацькі і запатрабаваў адваката”. Журналіст паведаміў, што дакументы, грошы і тэлефон у яго забралі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"