Ці "збілі" журналістаў БТ?
У 13.56 агенцтва "Інтэрфакс" змясціла інфармацыю пра тое, што ўдзельнікі вулічнай акцыі ў скверы Я. Купалы ў Мінску "збілі журналістаў Беларускага тэлебачання". Амаль адразу ж на "Інтэрфаксе" з'явіўся і каментар намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі, які заявіў пра "шырокамаштабную кампанію цкавання журналістаў дзяржаўнай прэсы". З іншага боку, відавочцы гэтых падзеяў (у тым ліку сябры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў") сцвярджаюць, што здымачную групу БТ проста закідалі снежкамі. Тое ж адбылося і з журналістамі з тэлеканалу "ОНТ".
Паводле "Інтэрфаксу", "група мітынгоўцаў напала на журналістаў, іх білі нагамі і закідвалі снегам. Снегам таксама закідвалі здымачнае абсталяванне".
Паводле сведкаў з БАЖу, супрацоўнікам дзяржаўнага тэлебачання крычалі "Ганьба!" і "Паклёпнікі!", дакараючы тым, што яны робяць ілжывыя рэпартажы, а потым закідалі снежкамі.
Каментуючы гэтыя падзеі, намеснік старшыні БТ А. Мартыненка заявіў "Інтэрфаксу", што "ужо напярэдадні выбараў... пачаўся беспрэцэдэнтны прэсінг журналістаў з боку апазіцыі". Па яго словах, супрацоўнікам тэлекампаніі "сістэматычна тэлефануюць невядомыя людзі з пагрозамі фізічнай расправы", а "электронная пошта, мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў кампаніі літаральна заваленыя паведамленнямі, якія ўтрымліваюць знявагі і пагрозы расправы".
Намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў ", каментуючы гэтыя падзеі, заявіў: "За апошнія месяц дзесяткі журналістаў недзяржаўнай прэсы і замежных СМІ былі затрыманыя, арыштаваныя альбо жорстка збітыя, і ўсе гэтыя факты журналісты дзяржаўнага тэлебачання альбо замоўчвалі, альбо публічна апраўдвалі. А бяскрыўднае закідванне снежкамі прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы цяпер падаецца як "жорсткае збіццё". Гэта - тыповая дэманстрацыя "двайных стандартаў", - кажа А. Бастунец. "Увогуле ж, тое, што ў апошнія дні дэманструе БТ і ОНТ, не мае ніякага дачынення да журналістыкі", - заявіў ён.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"