Дзве "Советских Белоруссии"
15 сакавіка па паштовых скрынях беларускіх грамадзян быў раскінуты спецвыпуск газеты Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия", нібыта прысвечаны Дню Канстытуцыі. Амаль палову першай паласы займае лозунг "Государство - это мы!". Там жа змешчана віншаванне А. Лукашэнкі беларускім грамадзянам з нагоды дня Канстытуцыі. Аднак па сутнасці спецвыпуск цалкам прысвечаны пераліку дасягеннняў і перавагаў дзейнага кіраўніка дзяржавы. Між тым, як паведаміла агенцтва БелТА, 14 сакавіка на беларуска-расійскай мяжы ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці было затрымана 65 тысяч фальшывых экзэмпляраў газеты "Советская Белоруссия".
Са спасылкай на КДБ БелТА паведаміла, што ў гэтых газетах быў выкарыстаны лагатып газеты Адміністрацыі прэзідэнта, яго выходныя дадзеныя, і пад газетнымі матэрыяламі стаялі подпісы журналістаў "СБ". У тых жа выходных дадзеных было пазначана, што газета надрукаваная ў Смаленску. Паводле КДБ, "змест газеты мае адкрыта ілжывы і тэндэнцыйны характар і зневажае дзеючага кіраўніка дзяржавы". БелТА паведаміла, што партыю газет перавозілі на грузавым мікрааўтобусе два грамадзяніны Беларусі, адзін з якіх - намеснік старшыні БНФ Алесь Міхалевіч. Іх затрымалі, груз канфіскавалі, а па факце праводзіцца разбіральніцтва.
Сп. Міхалевіч пацвердзіў учора Радыё "Свабода" па тэлефоне, што быў затрыманы ў Мсціслаўскім раёне, і не адмаўляў, што меў дачыненне да транспартыроўкі гэтай газеты. Ён зазначыў, што газету вырабілі актывісты грамадскай кампаніі "Хопіць!". У сваю чаргу, яшчэ адзін намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, каментуючы сітуацыю з фальшывай "СБ", падкрэсліў, што "Беларускі Народны Фронт падробкай газет не займаецца".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"