У суботу выйдзе тэлевізійнае "Акно ў Еўропу"
"Расійскі канал RTVi ў суботу 11 сакавіка выйдзе з перадачай "Акно ў Еўропу", прысвечанай надыходзячым выбарам у Беларусі. Падчас 80-хвіліннага эфіру, які пачнецца а 22-й гадзіне па мінскім часе, эксперты з Беларусі, Расіі і Еўрасаюзу будуць дыскутаваць на тэму свабодных выбараў як дэмакратычнага інстытуту. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі будуць разглядацца таксама ў кантэксце нядаўніх выбараў ва Ўсходняй Еўропе.
Эксперты паспрабуюць адказаць на наступныя пытанні: наколькі справядліва вядзецца выбарчая кампанія? Наколькі даступныя медыі для кандыдатаў? Які доступ маюць выбарцы да крыніц інфармацыі? Якія праграмы ў кандыдатаў? Якая роля ў перадвыбарным працэсе ў міжнародных назіральнікаў, няўрадавых арганізацый і г.д.? Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі будуць разглядацца таксама ў кантэксце нядаўніх выбараў ва Ўсходняй Еўропе.
Адначасова з каментарамі да беларускіх падзей будуць паказаныя сюжэты з жыцця Еўропы.
Сярод запрошаных экспертаў, як паведамляюць арганізатары, - Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, дзяржсакратар Саюзу Беларусі і Расіі Павал Барадзін, старшыня палітычнай рады СПС Мікіта Бялых, журналіст Віталь Портнікаў. Апроч таго, інтэрв'ю для праграмы далі Камісар ЕС па знешніх пытаннях Беніта Феррэра-Вальднер, прадстаўніца БДІПЧ АБСЕ Урдур Гуннарсдоццір, генеральны сакратар Савета Еўропы Тэрры Дэвіс і шэраг іншых знаных палітычных фігур і экспертаў Еўропы.
Праграму можна глядзець праз сатэліт, кабельнае тэлебачанне, а таксама ў жывым эфіры - на сайце www.rtvi.ru Для ўдзелу гледачоў будзе вылучаная асобная тэлефонная лінія. Пытанні да перадачы таксама можна дасылаць на электронны адрас: okno@echo-tv.ru".