Пачало вяшчанне "Еўрапейскае радыё для Беларусі"
26 лютага пачало вяшчанне "Еўрапейскае радыё для Беларусі": яго інфармацыйную праграму "Акно ў Еўропу" ўжо можна слухаць на радыё "Балтыйскія хвалі" на сярэдніх хвалях (частата 612 кГц) з 8.00 да 9.00 раніцы. 24 гадзіны ў дзень радыё даступнае на вэб-сайце www.belradio.fm.
У першым гадзінным эфіры прагучалі выпуск навінаў, а таксама перадачы "Тэма дня", "Каляндар", "Вам слова", "Байка дня", "Шоу-біз", "Бліц-партрэт", "Госць у дом", "Еўрапейскі вінегрэт" і іншыя. Як паведаміў Радыё "Свабода" адзін з каардынатараў праекту Дзмітрый Новікаў, "гэта сучасная, разлічаная на моладзь радыёстанцыя", якая будзе працаваць у інфармацыйна-музычным фармаце.
Акрамя гэтага, 26 лютага ў эфір расійскага тэлеканалу RTVi, які вяшчае з-за мяжы, пачала выходзіць паўгадзінная штотыднёвая праграма, якая таксама называецца "Акно ў Еўропу". Яна транслюецца па нядзелях у 17.00 па мінскім часе, з паўторамі ў панядзелак, аўторак, сераду і чацвер. Офіс па падрыхтоўцы перадачы будзе знаходзіцца ў Кёльне, - паведаміў партал www.tut.by.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"