Новыя затрыманні за распаўсюд газет "Народная воля" і "Товарищ"


21 лютага ў Рагачове міліцыя забрала ў грамадскага распаўсюдніка 3985 асобнікаў газеты "Товарищ" і 600 асобнікаў газеты "Народная воля". У той жа дзень прадстаўнікі праваахоўных органаў затрымлівалі распаўсюднікаў гэтых жа выданняў у Магілёве і ў райцэнтры Ветка.

Каля 19.00 у Рагачове супрацоўнікі міліцыі Сяргей Бугаёў і Сяргей Гурэвіч затрымалі старшыню Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі Камуністаў Беларускай Валерыя Рыбчанку. Ён на сваім асабістым аўтамабілі прывёз у Рагачоў для распаўсюду газеты "Народная воля" і "Товарищ", маючы пры сабе неабходныя дакументы ад рэдакцый. Пад час дагляду машыны міліцыянты па распараджэнні намесніка начальніка райаддзелу Юрыя Астаповіча забралі ў актывіста 3985 асобнікаў газеты "Товарищ" і 600 асобнікаў "Народнай Волі" - нібыта для вывучэння зместу і сапраўднасці выданняў. У міліцыі сп-ра Рыбчанку пратрымалі больш за 3 гадзіны. Грамадскі актывіст звярнуўся са скаргай у пракуратуру на незаконныя дзеянні міліцыі.

Увечары таго ж дня ў Магілёве быў затрыманы кіраўнік абласнога штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімір Шанцаў, які прывёз з Мінска ў вобласць 26 000 афіцыйных перадвыбарных улётак А.Мілінкевіча і 400 асобнікаў газеты "Товарищ".
Актывіста прывезлі ў Ленінскі РАУС г.Магілёва, дзе 36 супрацоўнікаў міліцыі да раніцы пералічвалі ўсю друкаваную прадукцыю. Улёткі і газеты забралі, патлумачыўшы гэта неабходнасцю праверкі і зместу. Супрацоўнікі міліцыі праігнаравалі пратэсты У. Шанцава, які даводзіў, што ён - давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты, што улёткі надрукаваныя за кошт сродкаў, выдаткаваных ЦВК, і што "Товарищ" - зарэгістраванае друкаванае выданне. Актывіст мае намер абскарджваць дзеянні міліцыянтаў.

У той жа дзень у раённым цэнтры Ветка міліцыя затрымала Марыю Багдановіч і Людмілу Судзілоўскую з Гомеля, якія раздавалі жыхарам райцэнтру газеты "Народная воля" і "Товарищ". Затрыманне міліцыянты патлумачылі тым, што не ведаюць такіх выданняў. Праз пэўны час распаўсюдніц адпусцілі.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"