Эксперт Камітэту абароны журналістаў: "Беларусь - адна з найгоршых у свеце краін для журналістаў"


Сёння ў Маскве адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі. З ініцыятывай яе правядзення выступіла ўплывовая міжнародная арганізацыя Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк), прадстаўнік якой Аляксандр Лупіс (Alexander Lupis) з 5 па 9 лютага знаходзіўся ў Беларусі. Да ўдзелу ў прэс-канферэнцыі запрошаныя таксама намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец, намеснік галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты "Народная воля" Святлана Калінкіна, а таксама кіраўнік Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі (Расія) Алег Панфілаў.

Прэс-канферэнцыя будзе цалкам прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі, якая напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, па меркаванні CPJ, істотна пагоршылася. Чарговым доказам гэтага, паводле Аляксандра Лупіса, стала тое, што ўсе дзяржаўныя органы і афіцыйныя структуры Беларусі адмовіліся сустракацца з ім. У прыватнасці, ён накіроўваў прапановы наконт сустрэчы ў прэс-службу Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Пракуратуру РБ і РУП "Белпошта". Асабліва ўразіў сп-ра Лупіса адказ з Мінінфармацыі, якое заявіла, што "ў краіне няма праблем са свабодай прэсы", а значыць, "няма і нагоды для сустрэчы". "З боку беларускай улады існуе блакада з дачыненні да грамадства, да незалежнай прэсы, да любой інфармацыі, якая не ўкладваецца ў межы дзяржаўнай прапаганды", - лічыць А. Лупіс. Пад час візіту ў Мінск ён сустрэўся з прадстаўнікамі практычна ўсіх асноўных недзяржаўных выданняў, якія выходзяць у Беларусі.
Па словах амерыканскага эксперта, CPJ сёння лічыць неабходным прыцягнуць увагу грамадства на Захадзе да праблемы парушэння правоў журналістаў і тлумачыць, што тым самым парушаюцца правы ўсіх беларускіх грамадзян, пазбаўленых магчымасці атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю з незалежных крыніц.
Камітэт абароны журналістаў быў створаны 25 гадоў таму групай амерыканскіх журналістаў "у адказ на брутальнае стаўленне ад іх замежных калегаў з боку аўтарытарных урадаў і іншых ворагаў незалежнай журналістыкі", - гаворыцца на cайце гэтай арганізацыі.
"Сёння мы лічым Беларусь адной з найгоршых у свеце краін для журналістаў і хочам падтрымаць незалежную журналістыку ў вашай краіне", - заяўляе А. Лупіс.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"