Славацкага журналіста не пусцілі ў Беларусь
Амбасада Беларусі ў Браціславе адмовіла ў візе журналісту славацкай газеты "Смэ" Мірэку Тода, які збіраўся асвятляць прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне, - паведаміла Радыё "Свабода". Спадар Тода не выключае, што гэтае рашэнне звязана з яго публікацыямі пра Беларусь.
Паводле беларускага консула ў Браціславе Антаніны Струнеўскай, славацкаму журналісту адмовілі ў візе, бо ён звяртаўся па прыватную візу, а ехаў займацца прафесійнай дзейнасцю. Яна заявіла Радыё "Свабода", што журналіст павінен быў спачатку атрымаць акрэдытацыю ў МЗС Беларусі, і запэўніла, што гатовая перагледзець сваё рашэнне, калі той атрымае такую акрэдытацыю.
Між тым, сп. Тода сцвярджае, што ў кастрычніку мінулага года ён быў у Мінску па прыватнай візе, хаця ў анкеце гэтаксама пазначаў, што з'яўляецца журналістам газеты "Смэ".
Журналіст не выключае, што праблемы ўзніклі пасля яго апошніх артыкулаў на беларускую тэматыку: у прыватнасці, ён пісаў пра адмову беларускай амбасады выдаць візы прадстаўнікам славацкіх няўрадавых арганізацый.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"