У Беларусь вяртаецца эпоха нефармальнага друку?


У Магілёве і Горках у студзені пабачылі свет два новыя незарэгістраваныя выданні: "Горацкі выбар" і "ZIP".

Горацкі журналіст і грамадскі актывіст Эдуард Брокараў абмежаваным накладам саматужна надрукаваў газету "Горацкі выбар", якая ў звароце да чытачоў падаецца як першае на Магілёўшчыне "антыбашыскае перыядычнае выданне" (пад "башызмам" маецца на ўвазе рэпрэсіўны дзяржаўны рэжым, накіраваны на знішчэнне дэмакратыі і грамадзянскіх свабод). Адным з адметных матэрыялаў гэтага нумару стала публікацыя з параўнальным аналізам коштаў на тавары і паслугі за апошнія 5 гадоў. Адна са старонак новага горацкага выдання цалкам аддадзена пад матэрыялы беларускай службы Радыё "Свабода".
Студэнцкая газета "ZIP" жартаўліва прэзентуе сябе як "масава-дэзінфармацыйнае выданне", якое імкнецца "аказаць масавы дэзіфармацыйны і дэструктыўны ўплыў на грамадскасць". З выходных дадзеных не вынікае, хто з'яўляецца выдаўцом газеты. Некалькі з'едлівых крытычных публікацый у ёй прысвечаныя дзейнасці БРСМ.
У 1990-х гадах на Магілёўшчыне рэгулярна выдавалася каля дзесятка газет малога накладу. Не выключана, што з'яўленне адразу некалькіх новых незарэгістраваных выданняў на фоне вымушанага скарачэння колькасці зарэгістраваных з'яўляецца прадвеснікам адраджэння нефармальнага перыядычнага друку ў Беларусі.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"