Міністр інфармацыі: "Разбіральніцтва будзе ў любым выпадку..."
Назіральная рада пры Цэнтрвыбаркаме павінна зацікавіцца артыкулам у газеце "Народная воля", у якім Аляксандр Казулін заявіў, што будзе новым прэзідэнтам Беларусі. (№7 ад 17.01.2006). Гэткае меркаванне выказаў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч у інтэрв'ю "Інтэрфаксу" 17 студзеня.
Міністр паведаміў, што ў найбліжэйшыя дні завершыцца ўзгадненне палажэння аб выкарыстанні сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. Назіральную раду, якая будзе "прымаць рашэнні па спрэчных пытаннях выкарыстання СМІ ў выбарах і падказваць Мінінфарму", узначальвае першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч.
Міністр заклікаў журналістаў беларускіх СМІ да "карэктнасці пад час выбарчай кампаніі", зазначыўшы, што "цывілізаванасць кампаніі шмат у чым залежыць ад цывілізаванасці і карэктнасці кіраўнікоў СМІ і журналістаў". У. Русакевіч адзначыў, што сёння інтэрнэт з'яўляецца "вельмі ўплывовым рычагом масавай інфармацыі, хаця юрыдычна гэта нішто". Міністр не выключае, што ў выпадку распаўсюду інтэрнэт-выданнямі непраўдзівай інфармацыі да адказнасці будуць прыцягваць друкаваныя версіі інтэрнэт-СМІ. "Разбіральніцтва будзе ў любым выпадку" - запэўніў ён.
Уладзімір Русакевіч заявіў "Інтэрфаксу" таксама, што праекты Еўразвязу адносна вяшчання на Беларусь "выклікаюць у яго ўсмешку". "Зараз распрацоўваюцца праекты паставіць перадатчыкі на мяжы Гомельскай вобласці. Але час паказвае, што гэта не такая простая праца. Хуценька гэта не атрымліваецца,"- сказаў Уладзімер Русакевіч.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"