Як арганізаваць буйную медыяпадзею ў краіне? Сакрэты прафесіяналаў
28-30 траўня ў Львове адбыўся “Lviv Media Forum”. Паводле колькасці ўдзельнікаў і насычанасці праграмы гэта самая вялікая журналісцкая канферэнцыя ва Украіне. Што важна ўлічыць і прадугледзець у такіх амбітных івэнтах? Пра гэта baj.by распытаў дырэктара форуму Астапа Процыка.
Астап Процык
Знайсці свабодную нішу
Ідэя маштабнага форума для медыяасяроддзя з’явілася некалькі год таму, калі сп. Астап працаваў у гарадскім упраўленні інфармацыйнай палітыкі замежных стасункаў і адказваў за прамоцыю Львова. Штогадовага буйнога журналісцкага івэнта на той час ва Украіне не было. Да таго ж, форум выдатна ўпісаўся ў канцэпцыю развіцця горада. Ад 2006 года тут прынята стратэгія турыстычнай індустрыі, у якой ёсць элемент канферэнц-турызму. Таму іншыя гарады, у тым ліку Кіеў, у якасці пляцоўкі для форума нават не разглядаліся.
“Для нас гэта добра, таму што мы маем спрыянне з усіх бакоў, – тлумачыць Астап Процык. – У першы, 2013-ы, год гатэлі бясплатна прадстаўлялі паслугі для нашых спікераў. Гэта нашмат аблягчае справу, калі на цябе глядзяць не як на нейкага вар’ята ці кліента, а як на партнёра”.
Цяпер гатэлі ды турыстычныя фірмы самі тэлефануюць арганізатарам медыяфоруму за паўгады і прапануюць зніжкі. Па той жа прычыне ў партнёрстве аказаліся зацікаўленыя львоўскія клубы, дзе кожны вечар а 21-й гадзіне пачыналася нефармальная частка праграмы. Уваходны квіток для ўдзельнікаў форуму прадаваўся з вялікай зніжкай ці ўвогуле быў бясплатным.
Сёлета ў “Lviv Media Forum” удзельнічала каля 750 чалавек. Умясціў такую колькасць асоб адначасова ў адным месцы яшчэ адзін партнёр мерапрыемства – “Арэна-Львоў”. На сёння гэта самае вялікае спецыяльна абсталяванае памяшканне ў горадзе. У трэці дзень, калі адбываліся 19 тэматычных майстар-класаў, форум перамясціўся ў адзін з карпусоў “Украінскага каталіцкага ўніверсітэта”.
Абмеркаванні комплекснага развіцця турызму, стратэгій устойлівага развіцця, турыстычных дэстынацый неаднаразова адбывалася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з падачы розных міжнародных арганізацый. Напрыклад, цяпер ідзе анлайн-анкетаванне для збору водгукаў пра Стратэгію ўстойлівага развіцця кожнай вобласці да 2025 года. Праект такога дакумента ёсць і для культурнай сталіцы Гродна, дзе раз на два гады ГА “Цэнтр “Трэці Сектар” і ГА “БАЖ” ладзяць фестываль моладзевай журналістыкі “Твой Стыль”. Цяжка сказаць пра канкрэтныя эфекты ад такіх стратэгій у галіне дзелавога турызму, аднак сёння факт, што арганізатары таго ж фестывалю моладзевай журналістыкі плацяць поўныя сумы гатэлям, перавозчыкам, рэстаранам, арэндадаўцам.
А вось прыдумаць арыгінальную тэму і апрабаваць цікавы фармат вялікай медыя-тусоўкі ў наяўных умовах, здаецца, не замінае ніхто. Гэта можа быць форум рэгіянальнай прэсы альбо, скажам, міжнародны воркшоп па моднай цяпер урбан-журналістыцы.
Сяргей Касцінскі, Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны
Вызначыць кульмінацыю
З адметнасцяў праграмы – “Лекцыя свабоды”, якая суправаджае ўручэнне прэміі імя Аляксандра Крывенкі “За дасягненні ў журналістыцы”.
Вядомы публіцыст Аляксандр Крывенка нарадзіўся ва Львове, працаваў у 1990-х гадах. Ён трагічна загінуў ва ўзросце 39 год у аўтакатастрофе. Сёлета прэмію яго імя атрымаў ваенны карэспандэнт украінскай службы Радыё “Свабода” Левко Стэк за рэпартажы з гарачых кропак усходу Украіны. Натуральна, да моманту ўручэння прэміі імя пераможцы было сакрэтам.
Што можа сказаць журналісцкае мерапрыемства свету?
Традыцыйную “Лекцыю свабоды” на медыяфоруме запрашаюць прачытаць аўтарытэтных асоб з Украіны і замежжа. У 2015-м годзе такой асобай стала прафесар Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта Алена Сцяжкіна.
“Я хачу гаварыць пра свабоду ад зла, але сама не вольная ад яго. Бо я не ведаю, ці я змагу забыць і прабачыць “маскоўскі акцэнт” украінскай вайны, якая ўжо больш за год “акае” і забівае ўкраінцаў і маю краіну”, – казала Алена Сцяжкіна.
Лектарка скончыла свой выступ са слязьмі на вачах, а зала некалькі хвілін апладавала стоячы.
Бернар-Анры Леві, французскі філосаф, пісьменнік, рэжысёр, палітычны журналіст
Вельмі эмацыйным было і адкрыццё медыяфоруму: інаўгурацыйная прамова французскага пісьменніка і палітычнага журналіста Бернара-Анры Леві пад назвай “Гісторыя – любімая настольная кніга тыранаў (Дж. Оруэл)”.
Галоўная тэма ў гэтым годзе – “Медыя ў час бурлівых змен”. Інфармацыйная палітыка Украіны на Данбасе і ў Крыме, антыдот на расійскую прапаганду, уплыў вайны на журналістаў і журналістыку, вызваленне медый ад улады алігархаў – гэтыя праблемы выклікалі самыя вострыя пытанні сярод удзельнікаў.
Такім чынам, каб мерапрыемства запомнілася, важна задумаць у ім цэнтральныя паводле зместу і пафасу часткі.
Платная рэгістрацыя, але з шанцам выйграць “залаты білецік”
Удзел у медыяфоруме каштаваў каля 20 долараў. У гэтым годзе арганізатары аб’явілі конкурс на трэвал-гранты для 50 журналістаў з Харкаўскай, Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай абласцей і з Крыма. Каб атрымаць магчымасць бясплатна прыехаць і паўдзельнічаць у форуме, дастаткова было толькі напісаць матывацыйны ліст.
“Для нас зараз важна падцягваць журналістаў з усходу і поўдня, каб яны не адчувалі сябе ізаляванымі ад агульнага медыйнага працэсу”, – кажа Астап Процык.
Для ўкраінскага медыяасяроддзя не перастае губляць актуальнасці разрыў паміж усходам і захадам. Што да беларускага кантэксту, то мэтавай аўдыторыяй такіх трэвал-грантаў можа быць любая цікавая арганізатарам супольнасць. Напрыклад, маладыя людзі, якія жывуць у глыбінцы.
Прэзентацыя Кангрэса культуры Усходняга партнёрства
Паралельныя актыўнасці
Усе тры дні на медыяфоруме працавалі 14-17-гадовыя навучэнцы школы “#FreedomUkraine” ад праекта MYMEDIA. Юныя аматары журналістыкі безупынна бралі інтэрв’ю у гасцей і спікераў, здымалі відэа і фота. Маланкавыя рэпартажы і справаздачы тут жа выкладвалі ў акаўнтах сваёй школы.
У холе “Арэны-Львоў” у адной з кава-перапынкаў адбылася арт-прэзентацыя ІІІ Кангрэсу культуры Усходняга партнёрства. Крэатыўны стэнд выставіў кіеўскі “#MediaHub”. Таксама “Агенцтва падрыхтоўкі падзей” правяло кароткую публічную размову пра дзелавы турызм у Львове. Увечары аднаго з дзён у кнігарні “Є” прайшла прэзентацыя кнігі “Гібрыдная вайна: выжыць і перамагчы” і сустрэча з аўтарам, палітычным экспертам Яўгенам Магдам.
Выснова простая: чым больш дадатковых актыўнасцяў ад партнёраў, тым цікавей.
Вечаровая праграма
У першы вечар форуму ўсе ахвотныя ўдзельнікі атрымалі запрашэнні на монаспектакль Бернара-Анры Леві “Гатэль Еўропа” ў нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета. Бліжэй да 21-й гадзіны ў львоўскіх клубах пачыналіся музычныя afterparty для гасцей журналісцкага івэнта: аркестр, кавер-бэнд, гурт MAD HEADS XL, сэты ад дыджэяў. У адзін з дзён можна было нават выбраць, у які клуб пайсці: “Underground” альбо “Арсенал”. Таксама любы ахвотны мог скарыстацца 50%-й зніжкай на экскурсіі ў Львове.
Карацей, бэйдж удзельніка “Lviv Media Forum” у гэтыя тры дні адчыняў шмат дзвярэй.