Рэжысёрку Вольгу Нікалайчык асудзілі на 13 сутак арышту
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 26 мая разглядалі адміністрацыйныя справы актывістак Вольгі Нікалайчык (сябра ГА "БАЖ") і Кацярыны Садоўскай.
29 красавіка Вольга Нікалайчык аднесла да расійскай амбасады ў Мінску пакунак з жаночымі рэчамі, які назвала «касметычкай начных ваўкоў», а Кацярына Садоўская назірала за падзеяй як праваабаронца. Сутнасць перфомансу палягала ў “вяртанні” Расіі “касметычкі”- валізы з эмблемай байкерскага клуба “Начныя ваўкі”. (Паводле расійскіх ўдзельнікаў прымеркаванага да 9 мая мотапрабегу, на мяжы з ЕС мытнікі ў іх “абшуквалі кожную шкарпэтку і касметычку”.)
Вольга Нікалайчык паведаміла журналістам, што яе асабіста абвінавачваюць у аказанні супраціўлення супрацоўніку міліцыі і брыдкаслоўі.
Па двух пратаколах (арт. 23.4 КаАП і 17.1 КаАП) суддзя Міхаіл Хома пакараў актывістку Нікалайчык адміністратыўным арыштам на 13 сутак.
У дачыненні да Кацярыны Садоўскай, якую таксама абвінавацілі ў брыдкаслоўі і аказанні супраціву, суд вынес пастанову аб накладанні штрафу ў памеры 60 базавых велічынь. Гэта 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Нагадаем, што ў часе інцыдэнту каля амбасады міліцыя прымусіла прысутных там з відэакамерай сябраў ГА “БАЖ” Сяржука Краўчука і Наталлю Валакіда выдаліць зробленыя запісы.