Выкарыстанне ілюстрацыі на старонках газеты
Фотаздымкі — важны сродак інфармавання, які часам уздзейнічае мацней за тэкст. Здымкі выконваюць ролю загалоўкаў, якія прыцягваюць увагу чытачоў. Фотаілюстрацыі — гэта таксама важны элемент дызайну выдання. Без фотаздымкаў газета, часопіс, сайт выглядаюць сумнымі і прайграюць у канкурэнтнай барацьбе ілюстраваным выданням.
У журналістыцы вызначаюцца такія крытэрыі, паводле якіх можна адрозніць добрыя здымкі ад дрэнных:
- Здымак павінен быць рэзкім і тэхнічна якасным.
- У кадры павінны быць людзі.
- Трэба, каб у кадры былі дынаміка, эмоцыі ды падзеі.
- Здымак мусіць мець мастацкую вартасць — гэта не павінна быць простая фіксацыя факта.
- Здымкі абавязаныя распавядаць пра штосьці.
Трэба памятаць, што гэтыя крытэрыі не ўніверсальныя — яны будуць працаваць толькі ў галіне фотажурналістыкі, а яшчэ дакладней — у навінавай журналістыцы. Тут асабліва важна прытрымлівацца тэхнічнай якасці ў працы. То бок здымак павінен быць рэзкім, зробленым з правільнай экспазіцыяй (вытрымка і дыяфрагма).
У кадры фотажурналіста заўсёды павінны быць людзі. Нават калі атрымана заданне зняць нейкі будынак, напрыклад, офіс банка, у любым выпадку на здымку павінен быць чалавек. Не важна, хто гэта будзе — просты мінак на вуліцы ці працаўнік банка. Напрыклад, калі трэба сфатаграфаваць паштоўку, — яна можа ляжаць на далоні. Чаму гэта так? Па-першае, гэта звязана з псіхалогіяй людзей, якія чытаюць СМІ, каб даведацца пра жыццё іншых людзей. Па-другое, калі ты бачыш чалавека ў кадры, — выява адразу робіцца жывой, рэпартажнай. Такі імпульс дае чалавечы мозг. Акрамя таго, прысутнасць чалавека ў кадры дазваляе зразумець маштаб аб’ектаў.
Для навінавай журналістыкі важныя тры паняцці: дынаміка, эмоцыі і падзеі. Калі вы працуеце для друкаванага выдання, то першая ваша задача — падмацаваць тэкст здымкамі, каб чытачу былі цікавыя як мінімум подпісы да фатаграфій, а як максімум — прачытаць увесь матэрыял. Здымак на газетнай паласе — гэта вітрына, якая павінна зацікавіць. Таму фатаграфіі мусяць «працаваць» разам з загалоўкам.
Здымак — гэта ўдарны інструмент, які чапляе чытача. Таму вышэйзгаданыя тры параметры такія неабходныя для журналістыкі. Хоць неабавязкова, каб усе гэтыя тры якасці прысутнічалі ў адным здымку.
Калі вы фатаграфуеце чалавека, у якога бярэцца інтэрв’ю, то, вядома, у такім здымку не будзе падзей, але ў ім могуць быць эмоцыі і дынаміка. Нават калі здаецца, што атрымліваецца статычны партрэт, у ім усё адно пажадана знайсці гэтыя два неабходныя параметры.
Калі вам патрэбны партрэтны здымак для інтэрв’ю, то лепей фатаграфаваць чалавека цягам размовы. Ваш герой праз некаторы час звыкнецца з тым, што яго здымаюць. У сярэднім праз 10 хвілін чалавек прызвычайваецца да камеры і да самога працэсу — у гэты момант у вас ёсць шанц атрымаць ад героя не штучныя эмоцыі. Гэта будзе цікавей, чым здымак чалавека, які пазіруе з тэлефонам каля вуха або проста глядзіць у камеру.
Калі вам даводзіцца сумяшчаць функцыі фатографа і журналіста, то лепш адразу падрыхтаваць фотаапарат, уключыць яго, выбраць патрэбны аб’ектыў і пакласці яго на стол. Неабходна папярэдзіць суразмоўцу пра тое, што ў вас ёсць намер зрабіць пару здымкаў. Калі будзе наладжаны кантакт, пафатаграфуйце падчас таго, як чалавек захоплена адказвае на вашы пытанні.
У дадзенай сітуацыі майстэрства журналіста ў тым, каб суразмоўца не звяртаў увагі на камеру.
Здымаць падзеі ў гэтым плане нашмат прасцей. Тут можна знайсці ўсе тры параметры: і дынаміку, і эмоцыі, і падзею. Напрыклад, вы робіце рэпартаж з канцэрта — гэта адначасова і дынаміка (людзі, якія танчаць, або музыкі), і падзея (сам канцэрт), і эмоцыі (твары прысутных).
Фотарэпарцёр мусіць памятаць, што здымкі павінны мець эстэтычны выгляд. Нават калі вы здымаеце аварыю, у кадры павінна быць кампазіцыя. У гэтым выпадку вы пазбегнеце той сітуацыі, калі здымак нагадвае міліцэйскія зводкі. Не абавязкова паказваць зламаны метал ці жорсткія сцэны, але можна сфатаграфаваць людзей, якія рэагуюць на ўбачанае.
Фатаграфуючы, вы мусіце дакладна разумець, што хочаце сказаць гэтым здымкам: пра якую праблему распавесці ці якой эмоцыяй падзяліцца. Калі вам удалося перадаць чытачу вашы эмоцыі або думку, — задача выкананая.
Як знайсці добрыя фотаздымкі?
За якасныя здымкі гэтаксама, як і за якасны тэкст, трэба плаціць, таму што фатаграфія з’яўляецца такім жа прадуктам інтэлектуальнай працы, як журналісцкі артыкул. Таму, калі ў рэдакцыі ёсць фінансавыя магчымасці, то варта падпісацца на стужку інфармацыйнага агенцтва, дзе працуюць прафесійныя фотакарэспандэнты.
Калі ў рэдакцыі шмат сапраўды ўнікальных матэрыялаў, то падпіскі на інфармацыйную стужку фотаагенцтва недастаткова. У такім выпадку аптымальным варыянтам будзе мець штатнага фатографа. Зрабіце базу кантактаў фатографаў, якія знаходзяцца ў розных рэгіёнах і гатовыя супрацоўнічаць з вамі. Так вы зможаце аператыўна атрымліваць інфармацыю з розных гарадоў або знаходзіць здымкі на тэмы, якія вас цікавяць.
У горшым выпадку, калі ў рэдакцыі нестае сродкаў на аплату прафесійных карэспандэнтаў, здымаць даводзіцца самім журналістам, якія пішуць тэксты. Гэта не самы лепшы варыянт, таму што якасна рабіць дзве працы адначасова практычна немагчыма.
Непажадана (хоць і дапушчальна) выкарыстоўваць здымкі з фотастокаў, якія могуць каштаваць танна альбо быць наогул бясплатнымі. Стокавая фатаграфія пазбаўляе матэрыял унікальнасці і стварае пэўнае клішэ (напрыклад, калі да навіны пра судовы працэс у газеце ці на сайце прыкладаецца здымак судзейскага малатка замест «жывога» фотарэпартажу). Такі матэрыял будзе менш чытаны.
Не заўсёды варта абіраць у якасці ілюстрацый здымкі з заходніх стокаў, на якіх паказаныя іншага выгляду хаты, людзі і г. д. Напрыклад, часта ў артыкулах пра здароўе выкарыстоўваюць фатаграфіі заходнееўрапейцаў, якія вонкава не падобныя да нашых чытачоў (славянскага тыпу). Гэта адразу выклікае недавер. Адпаведна лепш выкарыстоўваць расійскія (photoexpress.ru), украінскія стокі. З беларускіх рэсурсаў журналістаў часта ратуе photo.bymedia.net, дзе можна бясплатна атрымаць ілюстрацыі, зробленыя ў нашай краіне.
Памятайце, што пры выкарыстанні чужых фатаграфій заўсёды трэба падаваць крыніцу і імя аўтара, калі яно пазначанае.
Абіраем фотатэхніку для журналісцкай працы і ідзём на «палявыя работы»
Мадэльны шэраг фотаапаратуры часта абнаўляецца і пашыраецца. Але заўсёды ёсць базавыя функцыі, на якія журналіст павінен звярнуць найбольшую ўвагу, выбіраючы тэхніку — камеру і оптыку (аб’ектывы).
Сёння часцей за ўсё пытанне пры выбары тэхнікі заключаецца ў тым, што купіць: дарагую кампакт-камеру (так званую «мыльніцу») альбо танную люстраную камеру.
У першым выпадку, хутчэй за ўсё, гэта будзе дастаткова функцыянальны фотаапарат невялікіх габарытаў (што зручна), без здымнай оптыкі, з убудаванай успышкай. Калі вы спыніцеся на такой камеры, то варта звярнуць увагу на наступныя параметры: наяўнасць механічнага і паўаўтаматычных рэжымаў (прыярытэт вытрымкі і прыярытэт дыяфрагмы), фокусная адлегласць (кратнасць зуму), фізічныя памеры матрыцы (чым яны большыя — тым лепшая якасць), светласіла аб’ектыва. Менш важнай, але істотнай, з’яўляецца наяўнасць наступных функцый: магчымасць запісу файлаў без іх сціскання (rаw ці іншы), велічыня дысплея камеры, запіс відэа. Добра, калі камера можа перадаваць здымкі на камп’ютар праз Wi-Fi.
Сёння кошт добрай кампакт-камеры набліжаецца да кошту люстраной камеры пачатковага ўзроўню. Я рэкамендую спыніць ўвагу на люстраной камеры, якая дасць вам больш магчымасцей, дазволіць з цягам часу ўдасканаліць парк тэхнікі (зменная оптыка, успышкі) і забяспечыць лепшую якасць выяваў за кошт большых памераў матрыцы, чым у кампакт-камеры.
Існуе вялікае мноства камер, але большы распаўсюд атрымалі лічбавыя люстраныя малафарматныя камеры. Яны выпускаюцца некалькімі фірмамі, але я рэкамендую спыніцца на двух самых буйных вытворцах фотатэхнікі — «Canon» і «Nikon». Вы павінны памятаць, што калі выбіраеце адну марку фотатэхнікі, то вам давядзецца набываць оптыку, успышку толькі гэтага вытворцы ці адаптаваныя дзеля яго.
Сёння на рынку існуе багаты выбар люстраных камер — ад аматарскіх, таннейшых, да прафесійных, цана якіх можа дасягаць некалькіх тысяч еўра і больш. Аптымальна мець прафесійную камеру. Яна абароненая ад пылу, вільгаці, мае вялікі рэсурс працы і вытрымае розныя перагрузкі.
Такім чынам, калі вы спынілі свой выбар на лічбавай люстраной камеры, то неабходна звярнуць увагу на наступныя характарыстыкі:
Фізічны памер матрыцы. Лічбавая тэхніка настолькі развілася, што дасягнула стужкавай якасці выявы. Звычайна ў лічбавых люстраных камер памер матрыцы ў 1,6 разоў меншы за стандартны стужкавы кадр, але камеры больш высокага класа маюць поўнапамерны кадр, які называецца «fullframe». Гэты крытэр важны, таму што ад велічыні матрыцы залежаць і якасць выявы, і фокусная адлегласць аб’ектыва, які будзе ўсталяваны на камеры. Прасцей кажучы, чым меншы памер матрыцы, тым большая фокусная адлегласць кожнага аб’ектыва. Чым большы фізічны памер матрыцы, тым меншая глыбіня рэзкасці.
Колькасць мегапікселяў. Натуральна, чым больш мегапікселяў, тым лепш. Але на сённяшні дзень любая лічбавая камера забяспечвае дастатковую якасць для газеты або інтэрнэт-рэсурсу.
Матэрыял корпуса. Больш дарагія мадэлі выкананыя з магніевага сплаву, які мае высокі ўзровень трываласці, больш танныя — з пластыку. Таксама ад цаны і матэрыялу залежыць абароненасць камеры ад пылу, вільгаці і ўдараў.
Колькасць кропак аўтафокусу і іх адчувальнасць. Чым больш кропак аўтафокусу, тым лепш.
Год выпуску мадэлі і працэсар. З развіццём лічбавых тэхналогій выкарыстоўваюцца новыя алгарытмы апрацоўкі і запісу выяваў. Натуральна, сучасныя камеры забяспечваюць лепшую якасць і больш высокую адчувальнасць у параўнанні з тэхнікай, што была вырабленая некалькі гадоў таму.
Памер дысплея і наяўнасць функцыі «lifeview».
Мінімальная і максімальная адчувальнасць.
Хуткасць камеры (колькасць кадраў у секунду).
Магчымасць запісу відэа.
Наяўнасць убудаванай успышкі не вельмі істотная, таму што яе не рэкамендуецца выкарыстоўваць пры здымцы.
У вялікай ступені якасць фатаграфій залежыць не толькі ад камеры, але і ад аб’ектыва. Калі вы купляеце камеру з надпісам «body», то да яе дадаткова трэба падбіраць оптыку. Калі надпіс «kit», то камера ідзе ў камплекце са стандартным недарагім аб’ектывам. У такім выпадку звярніце ўвагу на яго параметры.
Асноўныя характарыстыкі аб’ектываў:
Фокусная адлегласць (вымяраецца ў міліметрах). Проста гаворачы, маецца на ўвазе тое, наколькі аб’ектыў можа аддаліць або наблізіць прадметы, якія трапляюць у поле яго зроку. За штатную (стандартную) фокусную адлегласць прынята браць 50 мм, бо фотаздымак, які атрымліваецца з дапамогаю такога аб’ектыва, больш звыклы нашаму воку. Аб’ектывы з меншай фокуснай адлегласцю называюцца караткафокуснымі, альбо шырокавугольнымі. З вялікай фокуснай адлегласцю, большай за 50 мм, — даўгафокусныя (тэлеаб’ектывы). Чым фокусная адлегласць меншая, тым большы вугал ахопу прасторы, і наадварот. Акрамя таго, чым большая фокусная адлегласць, тым меншая глыбіня рэзкасці.
Існуе оптыка з пераменнай фокуснай адлегласцю — так званыя zoom-аб’ектывы. Вядома, у журналісцкай працы яны больш зручныя, таму што ў вас не заўсёды будзе магчымасць падысці да патрэбнага вам аб’екта або хутка аддаліцца ад яго. Аднак аб’ектывы з фіксаванай фокуснай адлегласцю («фікс») каштуюць танней, і часцей за ўсё яны даюць больш высокую якасць фотаздымка.
Фокусная адлегласць заўсёды пазначаецца непасрэдна на аб’ектыве (напрыклад, 24 мм, 50 мм, 70–200 мм). Калі на ім напісана, напрыклад, «17 мм» — гэта значыць, што ў вас шырокавугольны аб’ектыў, прызначаны для фатаграфавання з больш блізкіх адлегласцей. Калі стаіць пазнака «200 мм» — гэта тэлеаб’ектыў, прыдатны для таго, каб здымаць аб’екты на вялікай дыстанцыі. Калі пазначана, напрыклад, «24–105 мм», — то гэта zoom-аб’ектыў, які пакрывае розныя фокусныя адлегласці.
На практыцы вам неабходна мець набор аб’ектываў, што закрывае фокусную адлегласць ад 17 да 200 мм. Часцей за ўсё ў журналістыцы выкарыстоўваюцца аб’ектывы з наступнымі адрэзкамі фокуснай адлегласці: 17–40, 24–70, 70–200 мм.
Наступная, вельмі важная характарыстыка оптыкі — гэта светласіла аб’ектыва. Маецца на ўвазе здольнасць прапускаць уваходныя промні святла, не затрымліваючы іх. Чым менш святла паглынае шкло аб’ектыва, тым ён светламацнейшы. Светласіла вызначаецца максімальна адкрытай дыяфрагмай на аб’ектыве і можа мець, напрыклад, наступныя значэнні: 1:2,8; 1:4; 1:5,6 і інш. Трэба разумець, што значэнне дыяфрагмы 1:2,8 большае за 1:4. Інакш кажучы, аб’ектыў са значэннем максімальна адкрытай дыяфрагмы1:2,8 лепшы, чым, напрыклад, аб’ектыў са значэннем светласілы 1:4. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (zoom-аб’ектывы) могуць мець пераменнае значэнне светласілы. Напрыклад, распаўсюджаны kit-аб’ектыў 18–55 мм мае зменную светласілу 1:3,5–1:5,6.
На практыцы з больш светламоцным аб’ектывам вы зможаце здымаць у горшых умовах асвятлення. Аптымальным выбарам будзе оптыка са светласілай 1:2,8–1:4 і вышэй. З аб’ектывам са светласілай 1:5,6 і менш і з невысокай якасцю шкла вам будзе цяжка працаваць ва ўмовах недастатковай асветленасці.
Факусіроўка. Аб’ектывы могуць мець ручную альбо аўтаматычную факусіроўку. Сёння практычна ўсе аб’ектывы маюць аўтафокус, але ўсё адно варта звярнуць увагу на дзве літары — «af», якія азначаюць наяўнасць гэтай функцыі. Прывод аўтафокуса можа быць двух відаў: знешні ці ўнутраны. Гэта вельмі важна, бо ўплывае на хуткасць аўтафокуса. Вядома, перавагу лепш аддаваць аб’ектывам з унутраным прыводам, таму што яны будуць хутчэй працаваць.
Хуткасць аўтафокуса — вельмі важная характарыстыка, таму што пры здымцы дынамічных аб’ектаў камера павінна паспець навесці рэзкасць. Нікому не патрэбны нярэзкі здымак, напрыклад, футбольнага матча.
Таксама важнай характарыстыкай з’яўляецца мінімальная дыстанцыя факусіроўкі — найменшая адлегласць, з якой аб’ектыў можа навесці рэзкасць. Чым яна карацейшая, тым лепш. На практыцы гэта азначае, што вы зможаце ўзяць больш буйны план з меншай дыстанцыі.
Сістэма стабілізацыі. Дадзеная характарыстыка з’яўляецца неабавязковай, але наяўнасць гэтай сістэмы істотна ўплывае на кошт оптыкі. Сістэма стабілізацыі дазваляе пазбавіцца ад так званай «шавялёнкі», г. зн. вам не перашкодзяць зрабіць якасны здымак ні натуральнае трымценне рук, ні варушэнне пры дыханні і г. д. Функцыя стабілізацыі выявы карысная, але можна за яе не пераплачваць, калі будзеце прытрымлівацца некаторых парадаў.
- Калі ў вас настроена доўгая вытрымка пры здымцы (даўжэй за 1/30 с), то вам неабходна стабілізаваць камеру, каб на яе не ўздзейнічалі вібрацыі цела.
- Не дыхайце глыбока, а лепш затрымайце дыханне ў момант здымкі. Трэба ўперці локці ў жывот — так вы зафіксуеце камеру. Калі ёсць магчымасць прысесці на адно калена, пастаўце локці на другое калена — камера будзе яшчэ больш устойлівай.
Такім чынам, камеру мы выбралі. Цяпер вы адпраўляецеся на здымку. Адразу трэба падрыхтавацца да здымкі — гэта азначае 50 % поспеху. Варта паглядзець, што і як здымалі на такую ж або падобную тэму калегі ў Беларусі і за мяжой. Калі вы падрыхтуецеся, — будзеце разумець, якія фатаграфіі жадаеце атрымаць у выніку. Можа, з першага разу атрымаецца не так, як у прафесіяналаў, але ў вас будзе прыклад таго ўзроўню, да якога патрэбна імкнуцца.
Паспрабуйце паглядзець на самыя звычайныя рэчы нестандартна. Трэба рэальна разумець, што да вас усё знята і на кожны запыт у інтэрнэце вы атрымаеце велізарную колькасць здымкаў. Пастаўце перад сабой пытанне: вы хочаце зрабіць такое ж альбо жадаеце стварыць унікальны прадукт, які будзе цікавейшы чытачу. Унікальнасць вашага рэпартажу будзе заключацца ў непадобнасці да астатніх, у вашым аўтарскім поглядзе або інтэрпрэтацыі аб’екта, працэсу, падзеі. Напрыклад, гэта могуць быць незвычайнае кампазіцыйнае рашэнне, мясцовая ўнікальнасць, асаблівасць.
Скажам, вы збіраецеся на інтэрв’ю з высокапастаўленым чыноўнікам. Дакладна, што ў інтэрнэце ёсць шмат яго здымкаў, і, хутчэй за ўсё, яны будуць нагадваць «фатаграфію на пашпарт». Ваша задача — зрабіць непадобны, дынамічны здымак, і пажадана, каб не было відаць пазёрства героя. У гэтым выпадку лепш за ўсё «падгледзець» за вашым героем, калі ён знаходзіцца ў натуральным для яго асяроддзі. Замест таго каб прапанаваць яму папазіраваць за сталом, папрасіце яго паводзіць сябе натуральна, займацца сваімі справамі, здымайце ў працэсе. Калі фатаграфуеце на прэс-канферэнцыі, — паспрабуйце зафіксаваць эмоцыі і жэсты выступоўцаў. Амаль у кожнага чалавека можна «злавіць» негатыўныя і пазітыўныя эмоцыі. У выніку вы зможаце падабраць здымак пад ваш загаловак.
Калі вам даводзіцца здымаць нейкую падзею, свята або масавае мерапрыемства, таксама варта падрыхтавацца загадзя. Хутчэй за ўсё, на мерапрыемстве будзе адзін ці некалькі ключавых момантаў. Гэта могуць быць «штампы», але іх важна зняць, таму што часцей за ўсё такія эпізоды і распавядаюць аб самой падзеі. Напрыклад, падчас свята Вадохрышча ключавым момантам будзе купанне. Калі вы толькі вучыцеся, то не саромейцеся падглядаць тое, што робяць іншыя, прафесійныя, фотарэпарцёры, але не абавязкова здымаць менавіта тое самае, што і яны.
Падчас здымкі несанкцыянаванага мерапрыемства будзьце вельмі асцярожнымі. Калі вы толькі вучыцеся, то пажадана працаваць у пары з кімсьці, хто будзе стаяць за вашай спінай і прыглядаць за вамі. На такіх здымках важна абазначыць сябе вонкава — камізэлькай «Прэса» або вялікім пасведчаннем. Ні ў якім разе нельга браць у рукі сцягі, лозунгі, мікрафоны, нават калі вас папрасілі іх патрымаць. Не здымайце доўга адно дзеянне і заўсёды сачыце за тым, што адбываецца ў вас за спінай. Калі гэтага не рабіць, то можна апынуцца ў ачапленні або затрымацца паміж мітынгоўцамі і супрацоўнікамі міліцыі. У выпадку, калі вас затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі, паспрабуйце прыцягнуць увагу калег-журналістаў.
Фотаздымкі на газетнай паласе
Газетная паласа без ілюстрацый выглядае сумна, і чытаць яе не ўзнікае жадання. Жыццё сучаснага чалавека прымушае яго павышаць хуткасць, у тым ліку ў спажыванні інфармацыі. Менавіта таму візуальны складнік (фота, відэа, мультымедыя) карыстаецца ўсё большай папулярнасцю, а друкаваныя СМІ ўсё менш запатрабаваныя. Ва ўсім свеце паступова, адна за адной, закрываюцца газеты, саступаючы месца вэб-журналістыцы. Гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.
Газетная фотажурналістыка не можа спаборнічаць з вэб-журналістыкай па сваіх магчымасцях, але пры гэтым яна мае ўласныя правілы і каноны.
Калі вы здымаеце для друкаванага выдання, памятайце, што ўсю візуальную інфармацыю неабходна перадаць у адной выяве, радзей — у дзвюх-трох. Таму старайцеся сфатаграфаваць так, каб па адным здымку было зразумела, што, дзе і калі.
Калі вы здымаеце для вэб-СМІ, таксама не рэкамендуецца злоўжываць колькасцю фатаграфій. Памылкова лічыць, што большая колькасць фотаздымкаў раскажа пра падзею лепш. Адна выява, якая вылучаецца глыбінёй і вобразнасцю, можа распавесці і пра падзею, і пра тэндэнцыю нейкага працэсу больш за дзясяткі здымкаў, зробленых бяздумна.
Фотарэпартажам у газеце лічацца тры здымкі: агульны, сярэдні і буйны планы. Газетныя здымкі павінны быць рэзкімі і інфарматыўнымі, у адрозненне ад фатаграфій у часопісах або вэб-СМІ, дзе гэтае правіла выконваць неабавязкова. Калі ў вас ёсць вельмі добры, унікальны здымак, не бойцеся выкарыстоўваць яго ў вялікім фармаце — ён можа займаць палову старонкі або нават усю паласу. Паверце, гэтая паласа будзе незабыўнай. Бярыце за прыклад па выкарыстанні фатаграфій буйныя сусветныя выданні.
Заканадаўчы аспект працы фотажурналіста
Лічыцца, што фатаграфаванне — гэта рэалізацыя права на атрыманне і захоўванне інфармацыі. Інакш кажучы, фотаздымку можна ажыццяўляць паўсюль, дзе гэта не забаронена законам.
У якіх месцах здымаць можна, а ў якіх нельга? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у заканадаўстве. Памятайце: тое, што выстаўлена на ўсеагульны агляд, здымаць не забаронена.
Напрыклад, у крамах фатаграфаваць можна (аднак даводзіцца сутыкацца з тым, што забараняецца рабіць фота вітрын, прылаўкаў або здымаць цэннікі ў гіпермаркетах, універмагах, буціках і ювелірных крамах). Таксама кожнаму дазволена фатаграфаваць на рынках, у клубах, у рэстаранах і барах. Можна весці здымку на спартыўных спаборніцтвах, а таксама ва ўстановах аховы здароўя.
Разам з тым некаторыя падраздзяленні аховы арганізацый і ўстаноў, да якіх належаць і камерцыйныя аб’екты (гіпермаркеты, прадпрыемствы і да т. п.), што не маюць права стварэння ваенізаванай аховы, часта самастойна лакальнымі нарматыўнымі актамі (загадамі на прадпрыемствах) уводзяць абмежаванні на здымку на сваёй тэрыторыі. Гэтыя захады абгрунтоўваюцца неабходнасцю захавання «камерцыйнай таямніцы», якая можа заключацца, напрыклад, у раскладцы тавараў на вітрынах і на паліцах.
Аднак падобныя «загады па прадпрыемстве» нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі. У паняцце «камерцыйная таямніца» Грамадзянскі кодэкс (арт. 140) уключае інфармацыю, «калі яна мае сапраўдную або патэнцыйную камерцыйную каштоўнасць з прычыны невядомасці яе трэцім асобам, да яе няма вольнага доступу на законнай падставе і ўладальнік інфармацыі прымае меры да аховы яе прыватнасці».
Адпаведна інфармацыя пра раскладку тавараў на паліцах і стэлажах, да якой свабодны доступ мае кожны, не можа быць прызнана камерцыйнай таямніцай. Яна з’яўляецца публічнай, самі стэлажы размешчаны ў агульнадаступных месцах, і таму фатаграфаваць і здымаць на відэа прылаўкі, касы і нават супрацоўнікаў службы аховы ўстановы можна колькі заўгодна. Апошнія ж не маюць права забараняць або прыпыняць здымку, выдаляць з фотаапарата запіс і, тым больш, ужываць фізічную сілу. Калі ж супрацоўнікі аховы робяць гэта, — варта звярнуцца ў органы ўнутраных спраў або пракуратуру з заявай аб прыцягненні гэтых асоб да вызначанай законам адказнасці (напрыклад, за самаўпраўства).
Журналісты часта сутыкаюцца з забаронай фатаграфаваць супрацоўнікаў міліцыі «пры выкананні», чыноўнікаў. На здымку даводзіцца прасіць дазвол. Між тым рабіць гэта неабавязкова. Адзін з асноўных прынцыпаў працы дзяржорганаў — галоснасць. Канстытуцыя дэкларуе права «на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў».
Паводле ж Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» доступ да звестак пра дзейнасць дзяржаўных органаў абмяжоўвацца не можа. Выключэннем можа быць толькі той выпадак, калі гаворка ідзе пра дзяржсакрэты.
Калідоры і кабінеты міністэрстваў, камітэтаў, ведамстваў — грамадскія месцы, а не асабістая тэрыторыя таго ці іншага чыноўніка. Таму фотажурналісты маюць права здымаць міліцыянтаў, суддзяў, пракурораў, міністраў пры выкананні абавязкаў, не замінаючы іх нармальнай працы і не парушаючы пры гэтым правы іншых асоб.
Пры фатаграфаванні і наступным выкарыстанні выявы фізічнай асобы без яе згоды ўсё ж такі ёсць некаторыя абмежаванні.
У адпаведнасці з арт. 18 Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» «збор, апрацоўка, захоўванне інфармацыі аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальных дадзеных, а таксама карыстанне імі ажыццяўляюцца са згоды дадзенай фізічнай асобы, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь».
Першая частка таго ж артыкула залічвае да інфармацыі пра прыватнае жыццё «ў тым ліку звесткі, якія складаюць асабістую і сямейную таямніцу, таямніцу тэлефонных перамоў, паштовых і іншых паведамленняў, якія тычацца стану… здароўя». Гэты пералік, вядома, не вычарпальны, але больш поўнага вызначэння ў заканадаўстве няма.
Такім чынам, здымка чалавека ў звычайнай сітуацыі, пры ўмове, што кантэкст фатаграфіі не раскрывае асабістую ці сямейную таямніцу альбо дадзеныя пра здароўе фізічнай асобы, Законам «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» не абмяжоўваецца.
Нельга здымаць на борце самалёта, пры праходжанні памежнага кантролю. У судах забараняецца фатаграфаваць пры разглядзе спраў аб дзяржсакрэтах. Аднак, увогуле, на судах па грамадзянскіх, гаспадарчых і крымінальных справах весці здымку можна, але з дазволу суда і задзейнічаных бакоў.
Указам прэзідэнта абмежаваная магчымасць весці здымку ў клубах, казіно, залах з аўтаматамі для гульні (п. 16 Палажэння аб ажыццяўленні дзейнасці ў сферы ігральнага бізнесу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага ўказам прэзідэнта № 9 ад 10.01.2005).