Міліцыя: Нельга фатаграфаваць ніякія адміністрацыйныя будынкі
Пасля марных спробаў датэлефанавацца да прэс-службы МУС журналісты “Еўрарадыё” патэлефанавалі па “адзіным” міліцэйскім нумары 102 і спыталі, якія будынкі ў горадзе нельга фатаграфаваць.
Пытанне задавалася не ад імя прадстаўніка СМІ, а ад імя шараговага грамадзяніна, да якога “збіраюцца прыехаць сябры з-за мяжы” і “будуць гуляць па горадзе”.
На пытанне, на фоне якіх будынкаў лепш не фатаграфавацца, дзяжурны адказаў – “любых адміністрацыйных аб’ектаў”. “Калі вы будзеце здымаць любы адміністрацыйны будынак, вы можаце быць затрыманыя”, – падкрэсліў суразмоўца “Еўрарадыё”.
Між тым, журналісты змаглі бесперашкодна сфатаграфаваць Дом ураду, Чыгуначны вакзал, Акадэмію навук, былую Нацыянальную бібліятэку (цяпер Савет Рэспублікі), Адміністрацыю прэзідэнта на К. Маркса, 38, КДБ і МУС. Каля большасці згаданых аб’ектаў дзяжурылі ахоўнікі.
Прэс-служба ГА “БАЖ” таксама спрабуе датэлефанавацца да прэс-службы МУС ужо некалькі дзён, але безвынікова. Юрысты арганізацыі цяпер рыхтуюць афіцыйны запыт у МУС наконт новых “указанняў” пра здымкі адміністрацыйных будынкаў.
Тым часам, праявы дзеяння новага дакумента назіраюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны.
2 сакавіка ў Глыбокім незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.
1 сакавіка каля пасольства Расіі, куды людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова, ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі.
А 26 лютага супрацоўнік “Комсомольской правды” в Беларуси” Дзмітрый Ласько, які збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка прэзідыума Акадэміі навук, быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынка, а затым міліцэйскім нарадам і ў выніку правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго праверылі дакументы, прагледзелі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.
«Комсомольская правда» высветліла, што новы стыль паводзінаў міліцыянтаў з фатографамі тлумачыцца “ўказаннем” намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Прадпісанне, якое забараняе фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў, нібыта выйшла 25 лютага. Атрымаць копію дакумента журналістам пакуль не ўдалося, бо ён лічыцца “ўнутраным”.
На гэтую ж тэму:
«Унутранае ўказанне» міліцыі ў дзеянні: фатографам забаранялі здымаць акцыю памяці Барыса Нямцова
Глыбокае: Адмінстрацыйныя будынкі “ахоўваюць” ад фатографаў не толькі ў Мінску