У выданні “Palitviazni.info”, тыднёвіку “Ніва” і польска-беларускім слоўніку экстрэмізму не знайшлі


Грамадскі актывіст са Слоніма Павел Севасцьян атрымаў ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні паведамленне, што ў забранай у яго літаратуры “адсутнічаюць прыкметы экстрэмізму”.

Паводле ліста за подпісам намесніка начальніка мытні Ю. Комлача, экспертнае заключэнне было зроблена 16 лютага г.г.

27 ліпеня 2014 г. на памежным польска-беларускім пераходзе Бераставіца пры мытным даглядзе яго асабістага аўтамабіля мытнікі забралі часопісы, газеты і кнігі, у тым ліку выданне пра палітычных зняволеных у Беларусі “Palitviazni.info”, асобнікі тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, а таксама польска-беларускі слоўнік, выдадзены беларускім дзяржаўным выдавецтвам.

Не дачакаўшыся інфармацыі пра лёс выданняў, Севасцьян накіраваў хадайніцтва на імя начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні з просьбай вярнуць забраныя рэчы і даведаўся, што яны ўжо ў камісіі па выяўленні экстрэмізму пры Гродзенскім аблвыканкаме.

Каб вярнуць літаратуру, Паўлу Севасцьяну прапануюць напісаць заяву на адрас Гродзенскай рэгінальнай мытні.  

Дарэчы, 24 лютага сябра ГА "БАЖ" Павел Севярынец таксама атрымаў ліст з Гродзенскай мытні пра тое, што ні ў адной з забраных у яго кніг не знайшлі экстрэмізму. (Раней паведамлялася, што экспертыза кнігі "Тэрра дэй" яшчэ не скончаная.) 13 кастрычніка 2014 г. на мытным пераходзе Брузгі польска-беларускай мяжы ў Севярынца забралі 20 кніг Зянона Пазьняка, у тым ліку «Цяжкі час—працяг», «Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў», «Дэклярацыя — першы крок да незалежнасьці», «Менскі гарсавет ў пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі (1990-1991)», «Тэрра Дэй», «Развагі», «Парсіваль» і іншыя.

 

На гэтую ж тэму:

«Калекцыя» забранай на мяжы літаратуры папаўняецца

Ужо больш за 100 матэрыялаў разгледжана “на экстрэмізм”, у 25-і “былі прыкметы”