“Каб людзі ведалі, што БАЖ займаецца неабходнымі справамі”


Напрыканцы года цяпер модна падсумоўваць пражытыя дванаццаць месяцаў і планаваць працу на наступны год. Мы папрасілі актывістаў з розных рэгіёнаў паразважаць над тым, што ім дае сяброўства ў арганізацыі, а таксама падзяліцца сваімі заўвагамі і прапановамі для ўдасканалення працы ГА «БАЖ”.

Анджэй Пачобут, Гродна:

- Перш чым ацэньваць эфектыўнасць БАЖ, належыць прыгадаць пра ўмовы, у якіх функцыянуе арганізацыя. Працяглы час улады душаць незалежныя СМІ. Вельмі шмат газетаў знікла, рэдакцыі, якія былі апірышчам БАЖ, зачыніліся… Таму наіўна чакаць, што ў такіх умовах журналісцкая арганізацыя будзе квітнець. Разам з тым, вельмі шмат робіцца – перш за ўсё ў галіне салідарнасці і падтрымкі. Змяняць трэба пасіўны падыход шэрагу сяброў і іх чаканне, што нехта прыйдзе і вырашыць усе праблемы.

Вікторыя Дашкевіч, Віцебск:

- У першую чаргу мне ГА “БАЖ” патрэбна як асяродак аднадумцаў. Хочацца, каб арганізацыя гуртавала вакол сябе як мага больш журналістаў са здаровымі мазгамі. Людзей, якія не падманваюць у першую чаргу сябе і не чакаюць ад сяброўства надзвычайных выгодаў.

Таксама чакаю ад БАЖу прафсаюзнай функцыі, магчымасці звярнуцца пры неабходнасці па падтрымку, атрымаць не толькі параду, але і рэальную дапамогу ад дасведчаных юрыстаў і псіхолагаў.

Мяркую, што БАЖу трэба пачынаць заяўляць пра сябе як пра ўплывовую арганізацыю, выходзіць на якасна новы ўзровень, не абмяжоўваючыся толькі барацьбой за правы журналістаў. Трэба ствараць пазітыўны імідж арганізацыі ў грамадстве. Дарэчы, мы зараз актыўна займаемся гэтым у сваёй філіі. Падаецца, што гэта карысна і перспектыўна.

Што трэба для ўдасканалення? Трэба звярнуць увагу на сувязь паміж рэгіёнамі. Часам у рэгіёнах патрэбны досвед менавіта рэгіянальны: сталічны не дапамагае і часта выглядае памылковым.

Пазбаўляцца, здаецца, няма ад чаго… Проста трэба больш актыўна сябе праяўляць, расказваць пра свае дасягненні, каб людзі ведалі, што БАЖ займаецца неабходнымі справамі, прычым робіць гэта адэкватна і без “экстрэмізму”. Каб людзі асацыявалі назву арганізацыі са справамі на карысць сумленных людзей.

Алесь Буракоў, Магілёў:

- Я ад БАЖу чакаю больш увагі да моладзі, а ў дачыненні да ўсіх астатніх калег – больш прававой дапамогі ў складаныя перыяды. Што да ўдасканалення, то, мне, напрыклад, не ўсё зразумела з рэгіянальнымі суполкамі. Хацелася б, каб за ўсё не адказваў адзін чалавек – кіраўнік суполкі. Таксама чуў ад іншых сябраў (можа, яны баяцца самі пра гэта сказаць), што час ад часу ўзнікае ўражанне, быццам бы імпрэзы ў Мінску і дзе яшчэ ператвараюцца ў такі “паміжсабойчык” – тусоўку, на якую не запрасілі іншых людзей. Ад такога варта пазбаўляцца.

Зміцер Лупач, Глыбокае:

- Мае чаканні ад БАЖ – гэта пашырэнне журналісцкіх кантактаў, падтрымка і правядзенне прэс-тураў, якія былі б цікавыя шырокаму колу журналістаў, а таксама розныя курсы і трэнінгі для прафесійнага росту. У прынцыпе, гэта ўсё ёсць, але хацелася б, каб больш увагі надавалася рэгіёнам. Напрыклад, некаторыя семінары можна было б праводзіць у абласных гарадах. Гэта дало б магчымасць, акрамя навучання, знаёміцца з новымі месцамі і сябрамі з іншых гарадоў.

Ананімна:

- Я стаў сябрам БАЖ дзеля таго, каб адчуваць, што, аказваецца, я не адзін такі дзіваваты – імкнуся да нейкай там свабоды слова, сумленнасці, аб’ектыўнасці… Вельмі радасна ўсведамляць, што такіх – шмат, а кропля, як ведаеце, камень точыць.

Але быць супольнасцю ўжо мала. Калі-небудзь хацелася б бачыць БАЖ моцнай і ўплывовай прафсаюзнай арганізацыяй, якая б, сярод іншага, абараняла журналістаў ад несумленных рэдактараў.

А зараз хачу падзякаваць за магчымасць падтрымліваць і ўдасканальваць свой прафесійны ўзровень. Дыстанцыйныя курсы – гэта, лічу, вельмі крутая знаходка, якая дае магчымасць вучыцца нават тады, калі ў цябе на гэта не хапае часу. Але, што тычыцца адукацыйных праграмаў, хачу заўважыць: не зразумела, па якім прынцыпе адбіраюцца ўдзельнікі трэнінгаў і семінараў. Гэта нейкі мэтанакіраваны адбор ці сапраўдны конкурс “пяць чалавек на месца”? Хацелася б мець роўныя ўмовы для ўсіх, і каб у справе былі задзейнічаны розныя сябры арганізацыі, а не толькі тыя, пра каго больш чутно.

Яшчэ хацелася б неяк вярнуць да нас сябраў, якія быццам бы і сябры, але сваёй маленькай групкай і нават цэлай рэдакцыяй. Быццам бы неяк “адваліліся” ад БАЖ. Зразумела, што кожны сябра мусіць сам праяўляць нейкую актыўнасць, але… Мне так падаецца, раз на год, напрыклад, можна ўжо і персанальна запрасіць гэтых “адшчапенцаў” прыяднацца да жыцця арганізацыі. А то атрымліваецца, офіс чакае ад іх ініцыятывы, а яны, быць можа, думаюць, што на іх усе забыліся, і іх ніхто не цэніць. Так моўчкі і суіснуем.


Сябры рэгіянальных суполак плануюць працу на наступны год.

 

Віншуем калег з навагоднімі святамі! (АБНАЎЛЯЕЦЦА)