“Вось як можа выглядаць інфармацыйная прастора Беларусі пасля ўступлення ў сілу закона “Аб СМІ”
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец распавёў, што робіць і збіраецца рабіць арганізацыя ў звязку з блакаваннем шэрагу інтэрнэт-сайтаў.
– Жанна Літвіна цяпер спрабуе звязацца з афіцыйнымі асобамі, каб праясніць сітуацыю з блакаваннем шэрагу сайтаў і паспрыяць вырашэнню праблем з доступам да іх.
Юрысты ГА “БАЖ” рыхтуюць зварот у Генеральную пракуратуру, упраўленне “К” Міністэрства ўнутраных спраў, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце, каб высветліць, што адбываецца, хто стаіць за блакаваннем сайтаў, і патрабаваць выправіць сітуацыю з доступам.
Заўтра ў Мінску адбудзецца сход Рады ГА “БАЖ”, дзе гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца.
Хаця некаторыя і кажуць пра “тэхнічныя праблемы”, выглядае на тое, што блакаванне ажыццяўляецца пэўнымі дзяржаўнымі ўстановамі.
Гэтае блакаванне інфармацыі не мае ніякіх законных падставаў. Нават калі лічыць, што такія дзеянні прадугледжаныя законам “Аб СМІ”, гэты закон яшчэ не ўступіў у сілу. Больш за тое – працэдура блакавання сайтаў яшчэ мусіць быць прапісана ў асобным нарматыўным акце.
Такім чынам, дзве галоўныя высновы: тое, што адбываецца, – гэта парушэнне закона і паказчык таго, якім чынам пэўныя асобы ставяцца да закона. І гэта паказвае, як можа выглядаць інфармацыйная прастора Беларусі пасля таго, як закон “Аб СМІ” набудзе сілу.
На гэтую ж тэму:
Рух «За Свабоду» патрабуе спыніць інфармацыйную блакаду