Затрыманых у Бабруйску журналістаў Вячаслава Пяшко і Артура Бондарава вызвалілі


Раніцай 10 лістапада тэлежурналісты запісвалі гутарку з прафсаюзным актывістам Міхаілам Кавальковым ля прахадной Завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, калі да іх падышлі міліцыянты.

Як распавялі прэс-службе ГА “БАЖ” журналісты Вячаслаў Пяшко і Артур Бондараў, супрацоўнікі міліцыі заявілі пра незаконнасць запісу і адабралі ва ўсіх прысутных дакументы.

Пасля гэтага міліцыянты пасадзілі прафсаюзнага актывіста да сябе ў машыну і загадалі журналістам на ўласным аўто рухацца за імі.

Праў пэўны час міліцэйская машына раптоўна набрала вялікую хуткасць і адарвалася ад машыны журналістаў, з’ехаўшы з дакументамі і актывістам у невядомым накірунку.

Журналісты ж прынялі рашэнне не парушаць хуткаснага рэжыму і самастойна шукалі міліцэйскае аддзяленне, каб вярнуць свае дакументы. Пасля таго, як журналісты самі звярнуліся ў пастарунак па дакументы, іх зноў затрымалі і склалі пратакол апытання адносна ранейшага інтэрв'ю.

Прыкладна праз тры гадзіны пасля першага затрымання журналістаў Вячаслава Пяшко і Артура Бондарава вызвалілі, настойліва параіўшы не пісаць у СМІ пра галадоўку і пратэст рабочых на заводзе.

- У выпадку, калі інфармацыя пра галадоўку і акцыю з'явіцца ў СМІ, на ўсіх удзельнікаў пратэсту будуць складзеныя адміністратыўны пратаколы, - пераказваюць журналісты папярэджанне міліцыянтаў.