Ідзе збор хадайніцтваў у абарону Алены Танкачовай
“Просім не высылаць з Беларусі вядомую праваабаронцу, а таксама адмяніць рашэнне пра ануляванне яе віду на жыхарства ў нашай краіне”, – гаворыцца ў хадайніцтвах, якія супрацоўнікі офіса ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравалі ў АГіМ (аддзел грамадзянства і міграцыі) Першамайскага раёна і УГіМ ГУУС Мінгарвыканкама.
Пра скасаванне віду на жыхарства кіраўніцы Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” Алены Танкачовай стала вядома ўвечары 30 кастрычніка. Падставай для рашэння ануляваць від на жыхарства грамадзянцы Расіі паслужылі адміністрацыйныя правапарушэнні. Паводле Танкачовай, гэта былі нязначныя перавышэнні хуткаснага рэжыму падчас кіравання аўтамабілем.
Алена Танкачова жыве ў Беларусі з 1985 года, дзе скончыла школу, сярэдне-спецыяльную і вышэйшую навучальную установу. Танкачова мае сталую працу, атрымлівае стабільны прыбытак, з якога спраўна сплочвае падаткі ў бюджэт Беларусі. Дачка праваабаронцы мае беларускае грамадзянства.
Улічваючы ўсе гэтыя факты, беларускія праваабаронцы распачалі збор подпісаў у падтрымку Алены Танкачовай, да якой далучыліся і супрацоўнікі офіса ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Спампаваць форму хадайніцтва і адрасы дзяржаўных установаў можна тут.