Затрыманых у Мінску тэлежурналістаў вызвалілі
Сёння ў Мінску міліцыянты затрымалі здымачную групу незалежных тэлежурналістаў і даставілі ва ўпраўленне ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна.
Затрыманне адбылося прыкладна ў 18.30 непадалёк ад станцыі метро Каменная горка.
У гэты момант журналіст газеты "Новы час" Вячаслаў Пяшко разам з калегам здымаў, як актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі БХД збіраюць подпісы грамадзян пад зваротам у пракуратуру на прадмет праверкі на экстрэмізм і забароны трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў.
Амаль праз тры гадзіны пасля затрымання журналістаў вызвалілі з міліцэйскага пастарунка. Як паведаміў В. Пяшко ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”, у РУУС іх апыталі, але пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні супраць іх не складалі.