У Мінску прэзентавалі кнігу Алеся Бяляцкага, напісаную за кратамі (фотарэпартаж)
“Іртутнае срэбра жыцця” распавядае пра штодзённую працу беларускіх праваабаронцаў, сувязь з міжнародным праваабарончым рухам і вялікую важнасць салідарнасці для зняволеных.
Як распавёў у часе прэзентацыі сам аўтар, кніга была сабраная з лістоў, напісаных ім падчас апошняга турэмнага зняволення.
– Падчас трох апошніх год у турме я імкнуўся штодзённа выкройваць час для напісання артыкулаў, якія і сталі потым главамі сённяшняй кнігі. У выданні сабраныя мае ўспаміны пра жыццё беларускага праваабарончага руху, штодзённыя выклікі і перамогі, міжнародную салідарнасць. Пісалася ўсё гэта ў складаных умовах. На тумбачцы дзесьці, на працы недзе ў перапынку – там, дзе была хвілінка часу. І нават, калі часу нешта пісаць зусім не было, я імкнуўся не спыняць працу над кнігай хоць ва ўласных думках, – гаворыць Алесь Бяляцкі.
Падрыхтоўкай кнігі да выдання займаліся паплечнікі Бяляцкага па праваабарончым руху Алена Лапцёнак і Ірына Пракопчык. Менавіта яны спачатку набіралі рукапісныя тэксты кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра “Вясна”, потым накіроўвалі іх праваабаронцу ў турму на вычытку, і ўрэшце сабралі ўсе матэрыялы пад адной вокладкай.
– Многія лісты Алеся проста немагчыма было чытаць без слёз. Асабліва тыя, дзе гаворка ішла пра ўмовы ўтрымання і салідарнасць са зняволеным за кратамі, – гаворыць Ірына.
– А назва кнігі “Іртутнае срэбра жыцця” – гэта мой сум па свабодзе. Разуменне, што ў нашай краіне гэтую свабоду немагчыма ўхапіць рукамі. Час вельмі прыгожы, але ён і атрутны ў той жа час. Яго, як ртуць, немагчыма ўхапіць рукамі, – дадае Бяляцкі.
На прэзентацыю, што прайшла ў аўторак у сталічным офісе Партыі БНФ, прыйшло шмат паплечнікаў Алеся Бяляцкага па праваабарончым руху, журналістаў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў. Удзел у прэзентацыі апроч іншых узяла таксама і старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна, якая яшчэ раз падзякавала Алесю Бяляцкаму за мужнасць і трываласць у сваёй працы.
Нагадаем, што сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, старшыня закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтра “Вясна” месяц таму быў вызвалены пасля амаль трохгадовага турэмнага зняволення. У жніўні 2011 года Алеся Бяляцкага арыштавалі, а потым і асудзілі на 4,5 гады зняволення за нібыта нясплату падаткаў. За асабісты прыбытак следства і суд палічыла Бяляцкаму грошы, якія ішлі на падтрымку людзей, асуджаных па палітычных матывах.