Журналісты vs дзяржорганы: праблемы па-ранейшаму застаюцца
Прызначаючы Лілію Ананіч новым міністрам інфармацыі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад яе, каб прадпрыемствы галіны былі канкурэнтаздольнымі. Канкурэнтаздольнасць жа, як вядома, залежыць ад якасці матэрыялу. Але як дамагчыся якасці, калі дзяржаўныя органы самі перашкаджаюць працаваць? – задаюцца пытаннем калегі.
Мінулым летам прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правяла цэлую кампанію за доступ журналістаў да інфармацыі. Але многія праблем так і засталі нявырашанымі. У прыватнасці, многія калегі працягваюць скардзіцца на тое, што прэс-службы дзяржорганаў часта адкрыта падзяляюць журналістаў на прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, робячы працу журналістаў апошніх проста невыноснай.
Так нядаўні пост парламенцкага карэспандэнта БелаПАН Таццяны Каравянковай выклікаў шырокі рэзананс у журналісцкай супольнасці. Таццяна распавяла калегам адзін з абуральных выпадкаў, якія, здаецца, становяцца ўжо нормай працы прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.
– Падысці да намесніка старшыні палаты прадстаўнікоў Гумінскага – гэта проста цэлы квэст, бо ўся сутнасць і сэнс працы прэс-службы складаецца ў тым, каб не даць журналісту гэтага зрабіць, – піша на сваё старонцы ў facebook Таццяна.
А вось намесніцу галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Марыну Коктыш ўжо каторы год наогул не пускаюць у Палату прадстаўнікоў. У 2009-м годзе журналістка нават звярталася з гэтай нагоды ў суд, але безвынікова.
Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў рэдакцыі газеты «Народная Воля» і намесніцы галоўнага рэдактара Марыне Коктыш у праве прыцягнуць да адказнасці Палату прадстаўнікоў і Службу бяспекі прэзідэнта.
– Мы зразумелі, што ў гэтай сістэме ужо няма ніякага сэнсу дамагацца такой акрэдытацыі. Калі яны вырашылі не дапусціць “Народную Волю” у парламент, яны гэта будуць рабіць да апошняга, – кажа Марына Коктыш.
Некалькі год падобным чынам акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў дабіваліся і журналісты “Еўрарадыё”.
– Хоць і з акрэдытацыяй працаваць тут бывае не проста, – дадае журналіст Зміцер Лукашук.
Яшчэ адзін непрыемны выпадак адбыўся зусім нядаўна ў незалежных журналістаў з прэс-службай прэм’ер-міністра Беларусі. Карэспандэнта БелаПАН Аляксандра Ярашэвіча фактычна выцягнулі за руку з кола калегаў, што гутарылі з Міхаілам Мясніковічам на адкрыцці станцыі метро “Малінаўка”.
– Як і патрэбна, я акрэдытаваўся на мерапрыемства, на якім прысутнічаў Міхаіл Мясніковіч. Напачатку высокі чыноўнік сказаў кароткае ўступнае слова, пасля чаго ўсе сталі сядаць у цягнік. Разам з Мясніковічам, у адрозненні ад дзяржаўных тэлеканалаў, мне праехаць не дазволілі.
Але пасля прыбыцця на станцыю падчас брыфінгу я вырашыў задаць прэм'ер-міністру пытанне адносна інвестыцый у эканоміку, звязаных з правядзеннем Чэмпіянату свету па хакеі. І пакуль Мясніковіч адказваў на маё пытанне, яго прэс-сакратар Вольга Доўгая фізічна выцягнула мяне за руку з атачэння калегаў. Атрымалася, што Мясніковіч мне нешта распавядае, а я проста знікаю перад ім.
Пасля таго Вольга Доўгая пацікавілася маім прозвішчам і выданнем, на якое я працую. І сказала таямнічае: “Ну вось і пазнаёміліся!” І гэта ўсё адбывалася на афіцыйным мерапрыемстве, на якое я быў акрэдытаваны як і іншыя журналісты.
Адзінае, што потым згладзіла маю крыўду, тое, што Мясніковіч напрыканцы мерапрыемства сам падышоў да мяне і пачаў размову, – распавёў Аляксандр Ярашэвіч.
Сама Вольга Доўгая ў гутарцы з прэс-службай ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” безумоўна абвергла інфармацыю пра падзел журналістаў на прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Але пэўны непрыемны асадак ад гісторыі ўсё ж застаўся.
Ці зменіцца сітуацыя з доступам да інфармацыі з прызначэннем новага міністра, пакажа час. Але ўжо зараз многія эксперты выказваюць на гэты конт сур’ёзныя сумневы.