Андрэй Мялешка: «За месяц ужо шэсць чалавек адмовілі мне ў інтэрв'ю»
Каб атрымліваць папярэджанні і штрафы ад дзяржавы, не абавязкова пісаць на палітычныя тэмы. Яскравы прыклад – гродзенскі фрылансер Андрэй Мялешка, чый “паслужны спіс” нядаўна папоўніўся штрафам на 4,5 мільёны рублёў.
Сябра ГА “БАЖ” кажа, што пакуль намераны абскарджваць судовае рашэнне ва ўсіх магчымых інстанцыях. Але на колькі хопіць журналісцкага цярпення працягваць гэтае змаганне?
– Безумоўна, хацелася б адстаяць сваю пазіцыю. Але, калі гэта будзе цягнуцца 2-3 гады, то мала хто вытрымае. Напрыклад, па адной маёй адміністратыўнай справе было аж чатыры судовыя паседжанні. Я пасля другога спытаў у суддзі: «Чаго вы цягнеце?» А ён сказаў: «Гэта не мы цягнем». Я так зразумеў, што быў нейкі загад ці то з пракуратуры, ці то з «камітэта». Ніхто ж наўпрост не скажа, што і як. Гэта псіхалагічны ціск не столькі на мяне, бо я ж ужо праходзіў і праз сумоўі ў КДБ, і праз папярэджанні пракуратуры. Больш на бацькоў, на жонку. Яна пару разоў прыходзіла пад суд з дзіцём на руках – дачцэ крыху больш за год...
Зрэшты, паводле Андрэя Мялешкі, на прафесійных справах гэтая судовая цяганіна таксама адбіваецца.
– Цяжка суразмоўцаў знайсці. За апошні месяц ужо чалавек шэсць адмовіліся са мной размаўляць – проста з-за таго, што пра гэтую справу пішуць. Я супрацоўнічаю з рознымі СМІ і рэсурсамі, але ж ты не давядзеш кожнаму, што збіраешся запісваць гутарку для газеты «Культура» ці сайта «Будзьма беларусамі». «А ў інтэрнэце пішуць, што Вы працуеце на “Радыё Рацыя”», – кажуць. Стаўленне як да замежнага шпіёна нейкага...
Не лепшым чынам уплывае пераслед «нячэсных» на стасункі ўнутры мясцовай журналісцкай супольнасці, адзначае суразмоўца.
– Раней у нас гродзенскія журналісты, супрацоўнікі як незалежных грамадска-палітычных, так і «апалітычных» СМІ, у агульнай скайп-групе маглі дзяліцца пэўнымі навінамі, анонсамі. Першым суполку пакінуў Алесь Дзянісаў – сказаў, што больш не хоча падтрымліваць гэтыя стасункі. Пасля таго, як ні адзін з журналістаў дзяржаўных выданняў не прыйшоў да мяне на суд, я таксама з гэтай суполкі выйшаў. Мне супрацоўнік аднаго з гродзенскіх інтэрнэт-рэсурсаў напісаў неяк: “Хлопцы, чаго вы нас баіцеся?” Я кажу: “Мы вас не баімся, проста вы сваім жыццём жывяце, мы – сваім”. Так, мы перастракаемся на пэўных мерапрыемствах, але каб разам нешта рабіць – я дык, напрыклад, і не хачу. Я спытаў, чаму яны не хадзілі на суд. «Ой, вы ж ведаеце, у нас ніхто гэтую тэму не возьме, нікому гэта не цікава...» Значыць, людзі проста не бачаць нейкіх «кропак перасячэння».
Што ж трымае Андрэя Мялешку ў прафесіі і на радзіме?
– Жонка мая часам кажа – пара з'язджаць! Я кажу – куды? У Гродне людзі, якіх я добра ведаю і з якімі мне падабаецца сустракацца, вуліцы і будынкі, якія мяне «грэюць»... У сваёй прафесіі я ўжо 20 гадоў, і людзі – гэта «маё».
Журналісцкая дзейнасць А. Мялешкі знаходзіцца пад пільным наглядам праваахоўных органаў не першы год.
У лютым 2012 г. журналіста выклікалі ў КДБ, дзе цікавіліся яго прафесійнай дзейнасцю, у тым ліку для сайта “Твой стыль”, і раілі “не дапускаць журналісцкіх памылак”.
У снежні 2013 г. абласная пракуратура папярэдзіла яго за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі (фармальна – за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Падставай для санкцыі сталі фотаздымкі журналіста з дыктафонам на акцыі ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 г. і раздрукоўка з сайта “Радыё Рацыя” з рэпартажам пра гэтую ж падзею.
А 16 чэрвеня 2014 г. гродзенскага журналіста аштрафавалі на 30 базавых велічынь за парушэнне таго ж артыкула. Падставай для завядзення адміністратыўнай справы стала публікацыя пра акцыю гродзенскіх лекараў “За здаровае сэрца”, размешчаная 17 красавіка на сайце “Беларускае Радыё Рацыя” і падпісаная псеўданімам Ігар Мікалаеў. Як вынікае з пратакола, міліцыянты склалі пратакол на падставе апытання лекараў: тыя засведчылі, што менавіта Мялешка гутарыў з імі.