Алесь Бяляцкі на волі (ФОТАРЭПАРТАЖ)
Апоўдні ў суботу Алесь Бяляцкі патэлефанаваў сваёй жонцы і паведаміў, што ён вызвалены і едзе ў Мінск на электрычцы з Бабруйску. У сталіцы праваабаронцу сустракалі каля паўсотні журналістаў і паплечнікаў.
Алесь Бяляцкі афіцыйна вызвалены па амністыі. Пра сваё вызваленне ён даведаўся зранку 21 чэрвеня.
Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў зняволенні больш як тысячу дзён. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, таму што "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.
У маі 2013 года Бяляцкі быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH).
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” шчыра вітае сябра арганізацыі з вызваленнем!
Алесь Бяляцкі: З калоніі на вакзал мяне вывозілі на машыне хуткай дапамогі