Канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

У Мінску 21 чэрвеня 2014 года пройдзе Канферэнцыя Беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: “Беларусь ва ўмовах рэгіянальнага крызісу і стагнацыі Усходняга партнёрства”

Традыцыйна працоўнымі задачамі канферэнцыі стануць справаздача па дзейнасці Форума ГС УП і БНП у 2013–2014 гадах і падрыхтоўка рэкамендацый арганізацыям ад Беларусі да ўдзелу ў чарговай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Тбілісі (21-22 лістапада 2014). Але ў парадку дня таксама рэфлексія і абмеркаванне тых актуальных геапалітычных, сацыяльных умоваў, у якіх грамадзянскай супольнасці Беларусі і БНП, у прыватнасці, прыйдзецца вызначацца з далейшай роляй і шляхамі развіцця. Кантэкстамі такога абмеркавання стануць як крызіс у рэгіёне, які быў выкліканы падзеямі ва Украіне, так і крызіс самой праграмы Усходняга партнёрства як сузалежны працэс.
На фоне абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне Еўразвяз стаў праяўляць большую зацікаўленасць у супрацоўніцтве з афіцыйным Мінскам. Нацыянальная платформа фактычна аказалася за рамкамі Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі, а ўдзел грамадзянскай супольнасці стаў хутчэй рытуальным і бессэнсоўным. Сітуацыя са станам самой грамадзянскай супольнасці і праеўрапейскімі настроямі ў Беларусі, на жаль, таксама не дадае аптымізму ў гэтыя разважанні. Згодна з апошнімі дадзенымі BAW, у беларускім грамадстве ўзраслі прарасійскія сімпатыі - больш за 60 працэнтаў беларусаў гатовыя уступіць у саюз з Расіяй супраць 18 працэнтаў тых, хто схіляецца да еўраінтэграцыі.

Гэтыя ўмовы ствараюць сур’езныя выклікі для Нацыянальнай платформы і ставяць яе перад неабходнасцю пошукаў новых сэнсаў і актуальнасці свайго існавання: альбо далей служыць непатрэбным і бессэнсоўным прыдаткам праграмы Усходняга партнёрства, альбо пастарацца стаць цэнтрам кансалідацыі тых сілаў, якія адстойваюць еўрапейскія каштоўнасці і звязваюць будучыню Беларусі з еўрапейскім вектарам.

У кантэксце гэтых стратэгічных пытанняў інтрыгуючым становіцца і яшчэ адзін з момантаў канферэнцыі - выбар новага складу Каардынацыйнага камітэту БНП і новага Старшыні, якія павінны адбыцца згодна з прапісаным у мемарандуме прынцыпам ратацыі. Хто ўзначаліць кіруючы орган БНП – Каардынацыйны камітэт на бліжэйшы перыяд? Ад вырашэння гэтага пытання залежыць, якімі будуць планы Нацыянальнай платформы ў 2014 – 2015 гадах.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі - як сталыя члены Нацыянальнай платформы, якія падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве, так і прадстаўнікі іншых арганізацый (без права галасавання). У якасці ганаровых гасцей на канферэнцыю запрошаныя прадстаўнікі Дэлегацыі Еўракамісіі, дыпламатычных місій краінаў Еўразвязу.

Будзем рады супрацоўніцтву з беларускімі і замежнымі СМІ! Для акрэдытацыі* просім звязацца з каардынатарам па працы са СМІ:

Юлія Галіноўская: +375297422040; Julia.hurska@gmail.com
Рэгіянальным журналістам арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд – пры ўмове акрэдытацыі да 19 чэрвеня.