Іспанскі журналіст: “Пра Беларусь цяжка пісаць, бо яна маленькая і заўсёды прывязаная да Расіі”
Археміна Бара прыехаў у Мінск для ўдзелу ў дыскусіі “Беларусь у фокусе – што пішуць пра Беларусь у замежных СМІ?”, якая адбудзецца 17 чэрвеня ў ПЭН-цэнтры. Напярэдадні сустрэчы калега завітаў у офіс ГА “БАЖ” і распавёў, чаму пачаў цікавіцца беларускай тэмай і куды гэта яго прывяло.
А. Б. – Я зацікавіўся Беларуссю прыкладна два з паловай гады таму. У мяне быў вольны час, каб пісаць, і былі «фонавыя» веды па тэме Савецкага Саюза. Я цэлае лета правёў у Маскве, чытаючы кнігі пра былы Савецкі Саюз – Расію, Украіну, Беларусь. Нарэшце ў мяне з'явіўся час, каб цалкам прысвяціць яго праекту, і я вырашыў больш даведацца пра Беларусь. Я прыязджаў сюды двойчы, каб напісаць некалькі артыкулаў – не столькі на тэму палітыкі, колькі пра стыль жыцця. У першы раз я прабыў тут два тыдні, каб атрымаць больш поўную карціну – быў у Мінску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Віцебску, потым наведаў адну маленькую вёску на поўдні краіны. Другі раз я прыязджаў пісаць артыкул пра незалежных журналістаў.
– Вы пісалі для пэўных СМІ на замову?
– Не, як фрылансер. У мяне ёсць блог на “El Huffington Post”, на якім я пішу рэгулярна пра Беларусь, часам рыхтую невялікія навіны. Потым я апублікаваў вялікі рэпартаж на “FronteraD”, у некаторых невялікіх швейцарскіх выданнях. Але ў асноўным я працую як фрылансер. Летась пачаў вучыцца ў Інстытуце Харымана ў Калумбійскім універсітэце, дзе таксама абраў тэму Беларусі. Зараз працую над кнігай пра вашу краіну. Таксама я атрымаў узнагароду на конкурсе “Беларусь у фокусе” за свой матэрыял.
– Адна з тэм дыскусіі 17 чэрвеня ў Мінску – стрэрэатыпны погляд замежнікаў на “беларускую тэму”, у тым ліку журналістаў. Ці існуе, на Вашу думку, такая праблема?
– Развіццю стэрэатыпаў спрыяюць некалькі фактараў, сярод якіх – блізкасць Расіі. Большасць замежных карэспандэнтаў месціцца ўсё ж у Расіі. Пра Беларусь пішуць, калі тут здараецца нешта вельмі адметнае – напрыклад, выбары 2010 г. І пішуць, як правіла, пра «апошнюю еўрапейскую дыктатуру» – заўсёды адна і тая ж схема, заўсёды Лукашэнка, вертыкаль, правы чалавека... Яшчэ адзін стэрэатып – Беларусь звычайна малююць панурай і шэрай, дзе ўсё яшчэ працуе КДБ (што праўда!). І калі замежныя жураналісты прыязджаюць пісаць пра Беларусь, чакаючы ўбачыць нешта накшталт расійскай вёскі – усе п'яныя, ўсё бруднае, кругом гвалт, – то яны здзіўляюцца, сустрэўшы тут чыстыя вуліцы ды прыгожыя краявіды... Але пра Беларусь цяжка пісаць, бо яна маленькая, не мае вялікай вагі ў міжнародных стасунках і заўсёды прывязаная да Расіі – эканамічна і палітычна. Таму людзі хочуць размаўляць пра Расію. Альбо пра Украіну, бо цяпер Украіна – сама па сабе дастатковая тэма. З Беларуссю не так.
– Вы сказалі, што рыхтуеце кнігу пра Беларусь, але апошнім часам, наколькі нам вядома, таксама былі ва Украіне?
– Так, апошнія два месяцы. Што да кнігі, самая галоўная праблема – як зацікавіць чытача прачытаць сто старонак пра Беларусь? Як прыдумаць формулу, якая зробіць кнігу больш даступнай? Думаю, інфармацыю трэба падаваць уперамежку з нейкім асабістым досведам... Я спадзяюся зрабіць усё гэтым летам. У мяне ўжо шмат што ёсць – трэба проста сесці і сабраць у адно!
Нефармальная сустрэча з журналістамі, якія пішуць пра Беларусь для замежных медыя, адбудзецца ў аўторак, 17-га чэрвеня, а 17-й гадзіне ў сядзібе ПЭН-цэнтра (вул. Залатая Горка, 2-101, Мінск).