“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: парушэнняў хапала і ў галіне СМІ
Каардынатары кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі заяўляюць пра вялізную колькасць парушэнняў заканадаўства ў часе перадвыбарнай агітацыі. Некаторыя з іх прыйшліся і на сферу масавай інфармацыі.
Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, выбары 23 сакавіка – гэта першая мясцовая кампанія, якая адбывалася па новых правілах. Сярод новаўвядзенняў – магчымасць ствараць для кандыдатаў асабістыя выбарчыя фонды, адсутнасць “парога яўкі” і іншае.
Але, па словах праваабаронцаў, новаўвядзенні, прынятыя для паляпшэння ўмоваў кандыдатам, насамрэч гэтыя ўмовы пагоршылі. Прыклад таму – адсутнасць дзяржаўнага фінансавання агітацыі і мізэрны памер асабістых выбарчых фондаў.
У выніку, па інфармацыі праваабаронцаў, кандыдаты літаральна апынуліся перад выбарам: альбо надрукаваць невялікую колькасць улётак, сотню-другую плакатаў, альбо адзін раз надрукаваць праграму ў СМІ. Звычайна толькі на гэта і хапала грошай асабістага фонду, абмежаванага 30-ю базавымі велічынямі.
Ды і тут, па словах Стэфановіча, вельмі многія кандыдаты сутыкаліся з перашкодамі: у бяскрыўдных улётках выбарчыя камісіі знаходзілі “забароненую” інфармацыю, улёткі забіралі альбо проста не давалі магчымасці іх надрукаваць.
Падобная сітуацыя, па інфармацыі праваабаронцаў, склалася і ў галіне СМІ. Варта нагадаць, што, паводле заканадаўства, на мясцовых выбарах абавязковых газетных плошчаў кандыдатам ніхто не прадастаўляе. А дзяржаўныя выданні, па словах назіральнікаў, заломвалі часам проста нерэальныя кошты за магчымасць публікацыі. Да таго ж, як сцвярджаюць праваабаронцы, хапала і фактаў цэнзуравання перадвыбарчых радыёвыступаў.
– У сувязі з гэтым абсалютная большасць выбаршчыкаў была пазбаўлена магчымасці атрымаць поўную і дакладную інфармацыі пра ўсіх кандыдатаў, – з сумам канстатуюць праваабаронцы.