Лакальны канфлікт
Уладальнік аграсядзібы «Марцінова Гусь», кіраўнік эка-музею «Брама ў Налібокі» Алесь Белы асцерагаецца, што СВК Пяршаі незаконна асушыў вадасховішчы ў пасёлку Люцынка.
Сядзіба «Марцінова Гусь» знаходзіцца акурат праз дарогу ад аб’екта скандалу — штучнай саджалкі. СВК «Пяршаі–2003» у 2011 годзе ўзяў у арэнду вадасховішчы ў Люцынцы, каб разводзіць рыбу. Валожынская раёнка «Працоўная слава» напрыканцы 2011 года пісала пра ініцыятыву СПК пазітыўна: «Ідэя разводзіць рыбу лётала ў паветры даўно. Тым больш у СВК мелася неабходная вытворчая база ў выглядзе даволі вялікіх і глыбокіх ставоў. Прывезеныя малькі карпа, таўсталобіка, белага амура без асаблівых цяжкасцяў прайшлі акліматызацыю на новым месцы, асвоіліся. І пачалі хутка набіраць вагу. Да восені асобныя экзэмпляры дасягнулі 4–5 кілаграмаў! За два месяцы вылаўлена амаль 8 тон рыбы. Свежая рыба тут жа адпраўляецца ў фірменныя магазіны СВК «Пяршаі–2003» і гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства».
Але сёлета (ужо ў ліпені) вадасховішча цалкам перасохла. На шматразовыя звароты Белага ў адміністрацыю СВК яму адказвалі, што вядуцца рамонтныя працы, тэрміны іх завяршэння не называліся. «Не даў вынікаў і мой пісьмовы зварот да старшыні Валожынскага райвыканкама, і ў раённую інспекцыю па ахове навакольнага асяроддзя. Я толькі атрымаў адказ, што на вадасховішчы ўжо вядуцца рамонтныя работы. Але якія «рамонтныя работы», калі нават людзей з рыдлёўкамі я тут не бачыў?» — абураецца Алесь Белы.
Цяпер пра вадасховішча нагадвае толькі патрэсканая зямля ды ракавіны малюскаў, дно былога возера зарастае травою. Вадасховішча было самым буйным вадаёмам у радыусе прыкладна 20–25 кіламетраў і служыла месцам гнездавання многіх відаў птушак, кажаноў, у тым ліку ахоўных. Яно ўключалася ва ўсе перспектыўныя планы развіцця Зялёных маршрутаў Валожынскага раёна і Налібоцкай пушчы. Алесь Белы гаворыць, што меў і свае віды на вадасховішча. Калі б яго прывялі ў нармальны стан, то можна было б аказваць гасцям платную паслугу. Цяпер жа насупраць сядзібы і ні возера, і ні балота.
Рыбную справу ў СВК «Пяршаі–2003» курыруе Уладзімір Круглік. Увага журналістаў да мясцовага вадасховішча, відавочна, спецыялісту не падабаецца. «Пішыце лепш пра людзей», — раіць Уладзімір Круглік. Але ўсё ж расказвае, што на вадасховішчы былі старыя збудаванні, іх неабходна было адрамантаваць, таму і асушылі вадаём. «Будзем ствараць рыбалоўную базу, якая будзе прыносіць прыбытак жыхарам вёскі. Я б таксама на месцы Белага падняў шум, разумею, што яму трэба турыстаў прыцягваць. Будуць у яго турысты, усё будзе», — супакойвае спецыяліст Круглік.
На пытанне, калі ж вадасховішча будзе гатовае да напаўнення вадою, прадстаўнік СВК «Пяршаі–2003» заявіў, што «можа ўжо праз тыдзень», бо часткова рамонт выкананы.