Ігар Лялькоў: Упершыню на выбарах ЦВК сама ўвяла цэнзуру ў СМІ (+ копія дакумента)
20 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які з`яўляўся членам ЦВК з правам дарадчага голасу, заявіў, што упершыню на парламенцкіх выбарах Цэнтрвыбаркам сам сваім рашэннем увёў цэнзуру ў сродках масавай інфармацыі, піша БелаПАН.
"У выніку гэтага рашэння не змаглі выступіць па тэлебачанні большасць кандыдатаў ад Аб`яднанай грамадзянскай партыі, некаторым кандыдатам было адмоўлена ў друкаванні перадвыбарчых праграм", — сказаў ён.
Лялькоў паведаміў, што рашэнне ЦВК аб забароне закліку да байкоту выбараў падчас бясплатных выступленняў па тэлебачанні і радыё прынята з дапамогай Назіральнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі, куды ўвайшлі прадстаўнікі толькі дзяржаўных структур.
Лялькоў адзначыў, што 5 верасня прапанаваў ЦВК увесці ў склад савета прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў і недзяржаўных СМІ. "Аднак Цэнтрвыбаркам прапанаваў разгледзець гэтае пытанне толькі 18 верасня, калі ўжо фактычна закончылася агітацыя. Уключэнне новых людзей у савет значэння ўжо не мела, таму я зняў пытанне", — сказаў ён.
У той жа час, падкрэсліў Лялькоў, нават у выпадку разгляду пытання на пасяджэнні ЦВК прыняў бы адмоўнае рашэнне. "У Цэнтрвыбаркама ўжо быў праект рашэння з адмовай ад уключэння незалежных журналістаў у склад савета. Таксама ў мяне ёсць пратакол пасяджэння савета ад 6 верасня, дзе прапанаваныя мной кандыдатуры (старшыня і намеснік старшыні БАЖ Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Наша ніва" Дзмітрый Панкавец. — БелаПАН.) характарызаваліся як "вядомыя сваім прадузятым стаўленнем як да сёлетняй выбарчай кампаніі, так і да калег-журналістаў, якія прадстаўляюць дзяржаўныя СМІ", — сказаў ён.
У прэс-службу ГА "БАЖ" трапіла копія пратакола пасяджэння Назіральнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі.