Працягваецца конкурс на лепшае фота і відэа на тэму парламенцкіх выбараў 2012 г.
Еlectby працягвае супольны з праектам “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” конкурс на лепшае фота і відэа на тэму парламенцкіх выбараў 2012 г. Пераможцаў у трох намінацыях чакаюць фотакамера, смартфон і букрыдэр.
Спецыяльны прыз будзе ўручаны аўтару найлепшай “фотажабы”. Дасылаць працы можна да 26 верасня ўключна. Падрабязней з правіламі конкурса можна азнаёміцца на гэтай старонцы.
Даслаць сведчанне і дадаць сваю кропку можна праз онлайн форму, e-mail (electbyorg@gmail.com), Twitter(хаштэг #electby) і SMS (нумар +37065279366).
Між тым, у першы дзень датэрміновага галасавання больш за 30 сведчанняў аб парушэннях з’явілася на рэсурсе народнага маніторынгу за парламенцкімі выбарамі Electby. Пераважна выбаршчыкі з Мінску, Горак, Наваполацку, Магілёва і іншых гарадоў паведамляюць аб прымусе да тэрміновага галасавання. Людзі дасылаюць фота і відэа, якія пацвярджаюць факты парушэнняў.
Безумоўны лідар сумнага рэйтынгу – Горкі, дзе выбары супалі з Дажынкамі. Выглядае на тое, што да выходных усе студэнты мусяць прагаласаваць і раз’ехацца па дамах. Толькі за аўторак тут на адным участку прагаласавала 882 чалавекі з 2000 (44 %), на другім – 401 з 1000 (40 %), а на трэцім – увогуле 713 з 1000 (71 %). Лічбы добра бачныя на фота пратаколаў.
А на гэтым відэа, дасланым з аднаго з горацкіх выбарчых участкаў, відаць як студэнтаў па чарзе выклікаюць галасаваць – ну проста як на іспыце!
Пабачыць усю карціну выбараў-2012 вачыма звычайных грамадзян можна тут: http://www.electby.org
Па ўсіх пытаннях пішыце: electbyorg@gmail.com
Даведка: Electby.org працуе на платформе Ушахідзі (Ushahidi у перакладзе з мовы суахілі азначае “сведчанне”) - сістэма, якая дазваляе збіраць паведамленні з розных крыніц, аўтаматычна наносіць іх на мапу і сістэматызаваць. Electby.org быў створаны групай беларускіх інтернэт-энтузіястаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. У перыяд з 13 па 19 снежня 2010 г. на платформу грамадзянскага маніторынгу за выбарамі паступіла 615 сведчанняў ад выбарцаў і грамадзян з усёй Беларусі.