Алесь Анціпенка: Каштоўнасць для людзей інфармацыі пра выбары істотна ўпала (ФОТА)
Такім назіраннем падзяліўся з журналістамі медыяэксперт Алесь Аніціпенка, прэзентуючы 18 верасня трэці па ліку выпуск бюлетэню “Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ”.
На думку эксперта, дэвальвацыя выбарчай інфармацыі ў свядомасці людзей звязана з істотнымі зменамі ў настроях грамадства.
Значная частка беларусаў не мае пазітыўных чаканняў адносна ўласнай будучыні (найперш з-за траўматычнага досведу дэвальвацыі і інфляцыі). Наогул жа, паводле назірання эксперта, Беларусь уцягваецца ў доўгі перыяд эканамічнага і ідэалагічнага застою, і людзі ўсё больш праяўляюць “эскейпісцкія паводзіны” -- імкнуцца вырашаць уласныя праблемы ў індывідуальным парадку, падалей ад рэалій, што навязваюцца сістэмай.
Так ці інакш, але заангажаванасць саміх грамадзян у выбарчы працэс на гэтым этапе была мінімальнай: маніторцы зафіксавалі “практычна татальную адсутнасць у медыя меркаванняў выбарцаў датычна праграм кандыдатаў ды іх стаўлення да сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем беларускага грамадства” .
Маніторынгавы бюлетэнь №3 ахоплівае перыяд з 2 па 15 верасня г.г.
«Нягледзячы на тое, што азначаны перыяд фармальна з’яўляецца найбольш актыўнай фазай выбарчай кампаніі, дзяржаўныя медыя... не паспрыялі таму, каб як мага большая колькасць выбарцаў пазнаёмілася з выступамі кандыдатаў”, -- робяць выснову маніторцы.
“Невыразнае асвятленне агітацыйнай кампаніі, а таксама цэнзураванне выступаў кандыдатаў было фактычна скіраванае на змяншэнне напалу перадвыбарчай барацьбы ды дэпалітызацыю выбараў”, -- гаворыцца ў бюлетэні.
Апошняя прэс-канферэнцыя маніторынгавай групы ГА “БАЖ” адбудзецца пасля выбараў.