Журналістам Магілёўскага рэгіёну растлумачылі іх задачы ў звязку з парламецкімі выбарамі
Пра гэта сваім слухачам паведаміла абласное радыё ў выпуску навінаў за 8 жніўня.
У інфармацыйным сюжэце яно падало падрабязнасці з абласнога семінару ідэалагічнага актыву, прысвечанага выбарчай тэматыцы. Як вынікае з інфармацыі, асаблівая ўвага на семінары надавалася “ролі СМІ ў выбарчым працэсе”. З інструкцыяй на гэту тэму выступіла намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкаму Алена Дзівакова.
“Роля СМІ ў перыяд выбарчай кампаніі даволі значная, - працытавала радыё фрагмент яе выступу. - Яна накіравана на інфармаванне грамадства пра асноўныя нормы выбарчага заканадаўства, правы і абавязкі выбаршчыкаў і кандыдатаў у дэпутаты. Таксама важна падаваць звесткі аб тым, якія высілкі прадпрымаюцца органамі, што забяспечваюць выбары, для стварэння належных умоў для вылучэння кандыдатаў, галасавання і падліку галасоў”.
“Сродкі масавай інфармацыі, - працягвала спн. Дзівакова, - выступаюць таксама галоўнай сілай, якая фармуе грамадскую думку. Таму Выбарчым кодэксам менавіта СМІ адведзена асобая роля ў перыяд правядзення перадвыбарчай агітацыі і прапаганды”.
Як заўважылі незалежныя назіральнікі, прадстаўніца ідэалагічнага ўпраўлення не ўзгадала такіх натуральных для журналістаў і СМІ складнікаў іх працы ў выбарчы перыяд, як прадастаўленне сваіх старонак і часу ў эфіры для спаборніцтва палітычных сіл, для публікацыі розных поглядаў на развіццё краіны, для перыядычнага знаёмства грамадзян з вынікамі сацыялагічных апытанняў і даследаванняў на выбарчую тэматыку і г.д. Як вядома, менавіта маючы ў сваім распараджэнні ўвесь спектр гэтых і іншых фактаў і дадзеных, грамадзяне могуць рабіць свядомы і асэнсаваны выбар.