Старшыня дзяржтэлерадыёкампаніі "Брэст" падала ў суд на сваіх былых падначаленых
У сваёй зыскавай заяве Ларыса Дабрадомава просіць абараніць гонар і дзелавую рэпутацыю, якія, яна лічыць, былі падарваныя скаргамі падначаленых у розныя ўстановы (у прыватнасці, у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі).
У сваіх скаргах цяпер ужо былыя супрацоўнікі брэсцкага абласнога падраздзялення Белтэлерадыёкампаніі, звольненыя паводле загаду Ларысы Дабрадомавай, сцвярджалі, што метады яе кіравання грунтуюцца на самадурстве і аўтарытарызме, а таму старшыня тэлерадыёкампаніі не адпавядае займаемай пасадзе.
Л. Дабрадомава жадае праз суд абвергнуць гэтыя звесткі і спагнаць з чатырох сваіх былых падначаленых (тры з іх – ужо на пенсіі) 50 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі за маральныя пакуты.
Судовае пасяджэнне прызначана на 24 красавіка, справа будзе разглядацца ў судзе Ленінскага раёну Брэста.