Затрыманы некалькі ўдзельнікаў шэсця да Нацыянальнай бібліятэкі
16.45. У раёне Нацыянальнай бібліятэкі, куды толькі што прыбылі ўдзельнікі шэсця, ужо адбыліся першыя затрыманні. На момант прыходу дэманстрантаў афіцыйны канцэрт “За незалежную Беларусь” ужо скончыўся, і ў раёне будынку засталіся толькі тэхнічныя работнікі, якія збіралі апаратуру, а таксама некалькі дзесяткаў супрацоўнікаў АМАП, што стаялі ўздоўж сцэны.
У кірунку моладзі наўмысна пусцілі 2 палівачныя машыны. У гэты час з іншага боку, з-за будынку бібліятэкі, выйшлі некалькі соцень АМАПаўцаў, якія пачалі адцясняць удзельнікаў акцыі ад бібліятэкі ў бок праспекту.
Каля 5 чалавек затрымалі і павялі за будынак бібліятэкі. Астатніх выціснулі праз пешаходны пераход на супрацьлеглы бок праспекту і ўваходу на станцыю метро “Усход”. У раён бібліятэкі не пускаюць нават выпадковых мінакоў.
Пе некаторых звестках, аперацыяй кіруе Дзмітрый Паўлічэнка: ён суправаджаў калону дэманстрантаў ад цэнтру горада на машыне, перыядычна заклікаючы іх сысці з зялёнай зоны і рушыць па тратуары.