Супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў адсочваюць наяўнасць друкаванай прадукцыі ў офісах?
Супрацоўнік упраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкама асабіста пералічваў колькасць асобнікаў незарэгістраванай газеты “Свабода” і інфармацыйных улетак у офісе рэгіянальнай арганізацыі БНФ у Магілёве.
Увечары 7 сакавіка на парозе офіса магілёўскай філіі партыі “Беларускі Народны Фронт” нечакана для прысутных з’явіліся двое міліцэйскіх афіцэраў і чалавек у штацкім. Міліцыянеры мелі на сваім абмундзіраванні імянныя бэджы, а, суправаджаючы іх, чалавек, паказаў службовае пасведчанне на імя спецыяліста абласнога ідэалагічнага ўпраўлення Міхаіла Халамава.
Міліцыянеры патлумачылі свой візіт нібыта паступіўшым да іх “сігналам” ад ананімных суседзяў па адміністратыўнаму будынку пра тое, што ў офісе БНФ у гэтыя хвіліны “адбываецца правапарушэнне”.
Пераканаўшыся, што ў памяшканні не адбываецца ніякага злачынства, міліцыянты пачалі ўстанаўліваць асобы прысутных у памяшканні офісу людзей.
Супрацоўнік абласнога ідэалагічнага ўпраўлення Міхаіл Халамаў (які, дарэчы, яшчэ нядаўна працаваў карэспандэнтам адной з цэнтральных афіцыйных газет) тым часам стаў пералічваць асобнікі друкаваных улётак і малафарматнай газеты “Свабода”, якія ляжалі на офісных паліцах.
Трэба адзначыць, што літаральна за некалькі хвілінаў да міліцэйскага прыходу, у офіс вярнуліся – з рэштай друкаванай прадукцыі – грамадскія распаўсюднікі, якія ў гэты дзень раздавалі мінакам у цэнтры горада “Свабоду” і друкаваныя абвесткі пра запланаваны на 25 сакавіка ў сталіцы мітынг.
Паколькі асобнікаў “Свабоды” Халамаў налічыў больш чым 299, як было пазначана ў выходных даных выдання, міліцыянеры забралі і газету, і ўлёткі з сабой для “наступнай праверкі ўсіх абставін”.
12 сакавіка начальнік аддзела Ленінскага РАУС Магілёва Юрый Курыловіч выклікаў да сябе старшыню рэгіянальнай арганізацыі БНФ Рыгора Кастусёва. Гутарка пакуль скончылася тым, што Р.Кастусёў дакументальна засведчыў законнае права сваёй арганізацыі на арэнду офіса, у якім міліцыянты і іхны ідэалагічны суправаджаючы знайшлі друкаваную прадукцыю. На свой запыт аб далейшым лёсе выданняў Р.Кастусёў атрымаў адказ, што “тут яснасці яшчэ няма і пытанне працягвае вывучацца”.