Міліцыянеры "прымяралі" новы Адміністратыўны кодэкс на распаўсюдніку "Свабоды"


Магілёўская міліцыя пакуль безвынікова скарысталася ў дачыненні да грамадскага распаўсюдніка незалежнай прэсы новым Адміністратыўным кодэксам. У Магілёве 5 сакавіка міліцэйскі патруль затрымаў грамадскага актывіста Сяржука Гіркіна, калі той раздаваў мінакам у цэнтры горада апошні нумар незарэгістраванай газеты “Свабода”.

Магілёўская міліцыя пакуль безвынікова скарысталася ў дачыненні да грамадскага распаўсюдніка незалежнай прэсы новым Адміністратыўным кодэксам.

У Магілёве 5 сакавіка міліцэйскі патруль затрымаў грамадскага актывіста Сяржука Гіркіна, калі той раздаваў мінакам у цэнтры горада апошні нумар незарэгістраванай газеты “Свабода”.

Распаўсюдніка газеты даставілі “для праверкі” ў Ленінскі райадзел міліцыі, дзе ім заняўся непасрэдна камандзір аддзела па ахове грамадзкага парадку капітан Юры Кірыловіч. Міліцыянер адкрыта прызнаўся С. Гіркіну і двум яго прадстаўнікам, якіх затрыманы паспеў выклікаць па мабільным тэлефоне, што мэта затрымання – прымерыць на практыцы новы Адміністратыўны кодэкс у частцы артыкулаў, што тычацца грамадскага распаўсюду друкаванай прадукцыі.

Падчас затрымання Сяржук Гіркін меў пры сабе 45 асобнікаў малафарматнай газеты “Свабода”. На кожным асобніку быў пазначаны дазволены для падобных выданняў наклад і ўтрымліваліся іншыя звесткі, вызначаныя законам.

Капітан Кірыловіч з паўгадзіны ўважліва гартаў Кодэкс, але нагоды для складання пратаколу на затрыманага не знайшоў, – распавялі службе маніторынгу БАЖ абаронцы Сяржука Гіркіна.

Тады капітан пачаў з дапамогай прысутных (бо сам, як прызнаўся, не вельмі добра валодае беларускай мовай) чытаць асобныя артыкулы газеты, каб, паводле слоў міліцыянера, праверыць, ці няма ў змесце прыкмет абразы ў адрас прэзідэнта краіны і дзяржаўнага ладу.

Такіх “прыкмет” у газеце не знайшлося. І крыху больш чым праз гадзіну пасля затрымання Сяржука Гіркіна адпусцілі без складання пратаколу. Яму таксама вярнулі адабраны наклад “Свабоды”. Два асобнікі газеты распаўсюднік па просьбе міліцыянераў пакінуў у пастарунку.