Рэдактар газеты "Белорусы и рынок": З'яўляецца дадатковая нагода, каб прымяняць рэпрэсіўныя санкцыі супраць газет
Гэта паніка ўраду з нагоды таго, што інфармацыя аб рэальнай сітуацыі з эканомікай краіны стане здабыткам грамадскасці, – пракаментаваў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар тыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі даручэнне прэм’ер-міністра наладзіць кантроль за інфармацый, якую прадастаўляюць дзяржчыноўнікі журналістам.
Даручэнне №11/810-234 з пазнакай “для службовага карыстання” атрымала рэзананс у беларускай журналісцкай грамадскасці. І журналісты, і медыя-эксперты бачаць у ім спробу яшчэ больш абмежаваць доступ СМІ да інфармацыі эканамічнага кшталту і забараніць даваць каментары.
Як выказаўся Вячаслаў Хадасоўскі, мабыць сітуацыя з эканомікай зараз настолькі пагаршаецца, што вырашылі забараняць даваць інфармацыю, што становіцца зразумелым з першага пункту дакументу:
– Мы з задавальненнем будзем спасылацца на пункты, дзе гаворыцца, што чыноўнікі павінны больш уважліва ставіцца да працы з журналістамі, даваць ім аб’ектыўную інфармацыю. Таму што сёння яны па ўсялякаму ўхіляюцца адказваць на пытанні, называць свае прозвішчы, а ў выніку атрымліваецца недакладная інфармацыя.Мы толькі падтрымліваем той тэзіс, што з журналістамі трэба канструктыўна працаваць.
Трактоўка «неаб'ектыўнае асвятленне пытанняў» у другой частцы даручэння вельмі суб'ектыўная, пад яе можна падагнаць любое меркаванне, любы каментар. З'яўляецца дадатковая нагода, каб прымяняць рэпрэсіўныя санкцыі супраць газет, – мяркуе рэдактар эканамічнага тыднёвіка.
“Тут хочацца сказаць: займайцеся лепш эканомікай, чым прэсай. Бо, чым больш плённа і з карысцю працуе чыноўнік, тым больш адкрыты ён для журналістаў і ахвотна дае аб'ектыўную інфармацыю. Тым больш карысці будзе краіне. А шыла ў мяху не схаваеш, якія б дакументы ні прымалі”, – рэзюмаваў В.Хадасоўскі.