Распрацоўшчык даручэння прэм'ер-міністра: Каб не было ў СМІ ляпсусаў і не тых лічбаў


Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даручыў ураду кантраляваць выступы супрацоўнікаў дзяржустаноў у сродках масавай інфармацыі, а таксама наладзіць пастаянны маніторынг такіх публікацый.

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даручыў ураду кантраляваць выступы супрацоўнікаў дзяржустаноў у сродках масавай інфармацыі, а таксама наладзіць пастаянны маніторынг такіх публікацый.

Як паведамілі прэс-службе БАЖ у Савеце Мінністраў, даручэнне падпісана 22 лютага і накіравана на тое, каб наладзіць “канструктыўнае супрацоўніцтва з недзяржаўнымі друкаванымі выданнямі, якія спецыялізуюцца на асвятленні функцыянавання эканомікі рэспублікі і работы ўрада”.

Дакумент, адрасаваны кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржустаноў і арганізацый. Выкананне яго мусіць узяць пад свой асабісты кантроль міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч.

Ніжэй, мы прыводзім тэкст даручэння, якое было на гэтым тыдні разасланае па дзяржаўных установах для службовага карыстання:

1. Прашу забяспечыць кантроль за выступленнямі (інтэрв’ю, артыкулы) работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання ў СМІ, у тым ліку і недзяржаўных друкаваных выданнях. Пры выяўленні фактаў неаб’ектыўнага (некарэктнага) асвятлення эканамічных працэсаў прыняць меры па прыцягненні названых асоб да дысцыплінарнай адказнасці (аж да вызвалення ад займаемых пасад).

2. Забяспечце пастаянны маніторынг матэрыялаў, якія публікуюцца ў СМІ. У выпадку выяўлення фактаў неаб’ектыўнага асвятлення пытанняў, датычных сферы, якая курыруецца міністэрствам, канцэрнам, выканкамам, накіроўвайце адпаведныя прапановы Мінінформу; прымайце меры па давядзенні да грамадскасці аб’ектыўнай інфармацыі, у тым ліку шляхам публікацыі афіцыйных заяў, абвяржэнняў і інш.

Прашу забяспечыць: аператыўнае рэагаванне на факты публікацыі скажонай інфармацыі аб эканамічных і іншых працэсах у рэспубліцы; шырокае выкарыстанне ў СМІ афіцыйнай інфармацыі органаў дзяржаўнага ўпраўлення.

Як пракаментаваў прэс-службе БАЖ адзін з распрацоўшчыкаў тэксту даручэння супрацоўнік упраўлення прагнозу эканамічнага развіцця Саўміна Беларусі Ігар Будько, мэта дакументу – “выключыць магчымасці скажэння інфармацыі, якую прадастаўляюць рэспубліканскія органы кіравання, і забяспечыць кантроль гэтай інфармацыі”.

“Каб не было ляпсусаў, не было сказана нешта незразумелае альбо названыя не тыя лічбы, – патлумачыў Ігар Будько. – А ў выпадку чаго, прымаць адпаведныя меры”.

На пытанне, як плануецца на практыцы прымяць гэта даручэнне, І. Будзько адказаў:

– У Законе аб друку ёсць артыкулы, дзе вызначана, што ў выпадку публікацыі кампраметуючай інфармацыі вы маеце права папрасіць газету альбо часопіс, які надрукаваў гэтую інфармацыю, зрабіць абвяржэнне і выкласці сапраўдную інфармацыю. У адпаведнасці з Законам аб друку.

Нагодай для ўзнікнення гэтага даручэння сталі публікацыі ў “Экономической газете”, – як патлумачыў сааўтар дакументу. Па яго словах, газета неаднойчы скажала інфармацыю аб рабоце эканомікі Беларусі, і на падставе гэтага прэм’ер-міністр загадаў падрыхтаваць такое даручэнне.

“Магчыма яно крыху неграматнае, некарэктнае, але вы ўжо прабачце нас. Гэта тэма не ў нашай кампетэнцыі, – патлумачыў Ігар Будзько. – Займаецца наогул у нас гэтым іншае ўпраўленне, аднак, паколькі трапіла яно ў “макраэканоміку”, нам нічога не заставалася зрабіць, як падрыхтаваць”.

28 лютага ў Міністэрства інфармацыі паведамілі, што яны гэтае даручэнне прэм’ер-міністра краіны яшчэ не атрымалі. Як адказаў намеснік міністра інфармацыі Віктар Казлоў, ён пакуль не ў курсе, што ёсць такі дакумент, і са зместам даручэнне не знаёмы.