Рэдактар "Ганцавіцкага часу" атрымаў папярэджанне ад пракуратуры

Галоўны рэдактар недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” Аляксей Белы атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры Ганцавіцкага раёна. 26 лютага рэдактар газеты быў выкліканы да пракурора, дзе яму ўручылі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” і Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У афіцыйным лісце, датаваным 19 лютага, паведамляецца, што “ў выпадку парушэння ў далейшым патрабаванняў дзеючага заканадаўства можа быць пастаўлена пытанне аб прыпыненні дзейнасці газеты “Ганцавіцкі час”.

Нагодай для папярэджання стаў артыкул Пятра Гузаеўскага, намесніка галоўнага рэдактара, пад загалоўкам “Яўка забяспечана, дэпутатаў выбралі”, апублікаваны ў нумары “Ганцавіцкі час” ад 19 студзеня 2007 года.

Як паведамляецца ў папярэджанні, праверка па факце апублікавання ў газеце “скажонай інфармацыі” па выніках выбараў у Ганцавіцкі раённы Савет дэпутатаў была праведзена пракуратурай па звароту старшыні Ганцавіцкай выбарчай камісіі Аляксандра Сімага.

Праверка прыйшла да высновы, што ў артыкуле “сапраўды была апублікована не адпавядаючая закону інфармацыя аб выніках выбараў”. Дакладней, пракурор Сяргей Замара вінаваціць журналіста ў парушэнні патрабаванняў ч.1 арт.92 Выбарчага кодэксу РБ аб паведамленні аб выніках выбараў.

Аднак, па словах Пятра Гузаеўскага, ён не меў магчымасці выкарыстоўваць афіцыйную інфармацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону менавіта з-за таго, што выбарчая камісія адмовілася прадаставіць яму поўную інфармацыю.

Нагадаем, 9 студзеня пракуратурай Ганцавіцкага раёна было вынесена папярэджанне Пятру Гузаеўскаму за іншы артыкул – “Выбары ў раённы Савет будуць без выбару”. Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе адмяніць гэтае папярэджанне, бо лічыць яго “неабгрунтаваным і не адпавядаючым нормам заканадаўства”.