Расійскія журналісты ў знак пратэсту пакінулі самміт СНД


Сёння расійскія журналісты дэманстратыўна пакінулі самміт СНД у знак салідарнасці з трыма расійскімі калегамі, якіх улады Беларусі не дапусцілі ў прэс-цэнтр.

Сёння расійскія журналісты дэманстратыўна пакінулі самміт СНД у знак салідарнасці з трыма расійскімі калегамі, якіх улады Беларусі не дапусцілі ў прэс-цэнтр.

Каля пяці гадзін карэспандэнт “Московского комсомольца” Наталля Галімава і фотажурналісты “Коммерсанта” і “Московского комсомольца” прачакалі з’яўлення прэс-сакратара прэзідэнта Беларусі Паўла Лёгкага.

“Нам давялося правесці ў халодным “прылазніку” і аўтобусе каля пяці гадзін. Нам патлумачылі, што Лёгкі – вельмі заняты чалавек”, – сказала Н. Галімава ў інтэрв’ю “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

Журналісты “Коммерсанта” і “МК” прыехалі да будынку Нацыянальнай бібліятэкі, дзе ладзіўся прэс-цэнтр самміта, раніцай, за некалькі гадзін да пачатку мерапрыемства, аднак ім паведамілі, што іх прозвішчы выкраслены са спісу акрэдытаваных журналістаў.

Некалькі дзесяткаў расійскіх журналістаў, якія мелі акрэдытацыю на самміце, адмовіліся працягваць працу ў прэс-цэнтры.

“Мы не павінны дазваляць здзекавацца над сабой”, – сказаў карэспандэнт расійскай газеты “Время новостей” Аркадзь Дубнаў, пакідаючы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. – Тым больш з улікам таго, што гутарка ідзе аб міжнародным мерапрыемстве”.
Журналісты Расіі, па яго словах, палічылі дзеянні беларускіх уладаў недапушчальнымі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі лічыць свае дзеянні абгрунтаванымі. “Асноўнай з прычын адмовы ў пропуску з’яўляецца абраза главы беларускай дзяржавы і сістэматычная знявага Беларусі”, – сказаў ён.
Гутарка, у прыватнасці, ідзе аб “негатыўных артыкулах пра кіраўніка беларускай дзяржавы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці”, – заявіў П. Лёгкі.

Міністэрства замежных спраў Расіі “ўважліва вывучае абставіны здарэння з расійскімі журналістамі на самміце СНД”, – заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Міхаіл Камынін. “Мы здзіўленыя тым, што здарылася. Мы ўважліва вывучаем абставіны здарэння і пасля гэтага вызначымся ў адносінах нашых далейшых крокаў”, – сказаў Камынін.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, галоўны рэдактар газеты “Камерсант” Андрэй Васільеў заявіў, што выданне не будзе пісаць пра самміт СНД у Мінску “у знак пратэсту”. Ён дабавіў: “Мы, канешне, пра самміт пісаць нічога не будзем”, – сказаў Васільеў: “Мы будзем смакаваць падрабязнасці гэтага ганебнага для Беларусі інцыдэнту”.

Юрась Абажураў