Лаўрэаты прэміі "За мужнасць і прафесіяналізм" атрымалі ўзнагароду
Сёння ў Мінску адбылося ўрачыстае ўручэнне беларускім журналістам прэміі "За мужнасць і прафесіяналізм" імя Дз. Завадскага, заснаванай калегамі Дзмітрыя - Першым расійскім тэлеканалам пры ўдзеле ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Сёлетнімі лаўрэатамі сталі фатограф Юлія Дарашкевіч, галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва" Андрэй Дынько і карэспандэнт газеты "Комсомольская правда в Белоруссии" Алег Улевіч.
Узнагароды ўручалі традыцыйна Павел Шарамет, кіраўнік аддзелу спецпраектаў "Першага канала", і ўпершыню Святлана Завадская, ад імя Фонда дапамогі беларускім журналістам, створанага сям'ёй трагічна зніклага журналіста, сёлета фонд далучыўся да ўганаравання лаўрэатаў.
Гэта сумная цырымонія ў памяць нашага калегі, набывае тым не менш ўрачыстасць, бо кожны год мы стараемся ўзнагароджваць журналістаў, што працуюць у Беларусі і сапраўды вылучаюцца прафесіяналізмам і мужнасцю, - адзначыў на адкрыцці Павел Шарамет. - Выбар лаўрэатаў не з'яўляецца кулуарным, гэта быў сапраўды складаны працэс абмеркавання кандыдатур - спачатку на праўленні БАЖа, потым на пасяджэнні Савета дырэктараў Першага тэлеканала. Святлана Завадская падзякавала лаўрэатам за працу і адзначыла, што Фонд імя Завадскага, які яна прадстаўляе, і надалей будзе імкнуцца падтрымліваць незалежных журналістаў, што працуюць у складаных беларускіх умовах.
Першай па праву атрымала ўзнагароду Юлія Дарашкевіч, фатограф газеты "Наша Ніва". Смелая і нават адчайная на працы Юля ў гэты ўрачысты момант ўсё ж такі хвалявалася: "Лічу, што гэта прэмія не толькі мне, але і тым людзям - героям маіх фотаздымкаў, дзякуй ім за гэта."
У складаных умовах працы газета "Наша Ніва" не страціла актуальнасці, прынцыповасці і якасці. "Наша Ніва" многа зрабіла для развіцця нацыянальнага самавызначэння беларусаў, - адзначыў Павел Шарамет, ўручаючы ўзнагароду Андрэю Дынько, галоўнаму рэдактару газеты. Падзякаваўшы расійскім журналістам за прафесійную салідарнасць, Андрэй выказаў спадзяванне, што "гэта прэмія - тыя першыя цаглінкі, закладзеныя ў падмурак добрых адносінаў паміж свабоднай Расіяй і будучай вольнай Беларуссю".
"Рэпарцёрам Расіі і Беларусі, выконваючы сваю працу, даводзіцца сутыкацца з сур'ёзнымі выпрабаваннямі, рызыкаваць здароўем і свабодай", - гэтымі словамі Канстанціна Эрнста з віншавальнага ліста прывітаў Павел Шарамет трэцяга лаўрэата прэміі Алега Улевіча, тут ён трапна пажартаваў, выказваючы здзіўленне: "На што намякае кіраўнік тэлеканала?", і пажадаў Алегу і ў будучым пераадольваць цяжкасці, выконваючы доўг журналіста: "Прэмія імя Дзмітрыя Завадскага - пацвярджэнне чэснай рэпутацыі і прызнанне Вашага высокага прафесіяналізма."
Павел Шарамет адзначыў, што з кожным годам больш складана выбіраць лаўрэатаў, бо колькасць незалежных медыяў у Беларусі з'мяншаецца. "Але, з другога боку, на фоне працы супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, яшчэ больш яскрава вылучаюцца журналісты, які імкнуцца аб'ектыўна асвятляць падзеі, калі нават кожнае слова праўды патрабуе большай мужнасці", - дадаў ён.
Сёлетніх лаўрэатаў прэміі імя Дз.Завадскага "За мужнасць і прафесіяналізм" таксама прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі дыпламатычных місій ў Беларусі, сям'я Дзмітрыя Завадскага і шматлікія калегі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"