За мужнасць і прафесіяналізм
Лаўрэатамі прэміі імя Дзмітрыя Завадзкага "За мужнасць і прафесіяналізм" ў 2006 годзе сталі беларускія журналісты: Андрэй Дынько, галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва", Юлія Дарашкевіч, фатограф і Алег Улевіч, карэспандэнт газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии".
Днямі Савет дырэктараў Першага тэлеканала (ААТ "Першы канал ") выбраў і зацвердзіў прэтэндэнтаў на прэмію са спісу журналістаў, прапанаванага праўленнем ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Сёлета сябры праўлення БАЖ шляхам галасавання прапанавалі на прэмію імя Дз. Завадзкага шэсць кандыдатур журналістаў, якія вылучаюцца прафесіяналізмам, добасумленна выконваюць свой абавязак, аб'ектыўна асвятляюць падзеі ў краіне і пацярпелі за гэта - падвяргаліся арыштам, штрафам, былі збітыя.
Уручэнне ўзнагароды адбудзецца ў Мінску ў першай палове верасня. Сёлета ва ўрачыстасці ўпершыню прыме ўдзел Фонд імя Завадзкага, заснаваны яго сям'ёй і сябрамі.
Прэмія імя Дз. Завадзкага была заснавана шэсць гадоў таму ААТ "Першы канал ", дзе працаваў Дзмітрый, гэту ідэю падтрымала і далучылася Беларуская асацыяцыя журналістаў. Штогод прэмія ўручаецца журналістам якія працуюць у Беларусі, і не гледзячы на рэпрэсіі, расказваюць праўду.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"