Газеце "Витебский курьер М" пагражае РНЕ


Недзяржаўная грамадска-палітычная газета "Витебский курьер М" 10 жніўня атрымала ліст з пагрозамі, дасылальнікам якога пазначана арганізацыя "Русское национальное единство".

Недзяржаўная грамадска-палітычная газета "Витебский курьер М" 10 жніўня атрымала ліст з пагрозамі, дасылальнікам якога пазначана арганізацыя "Русское национальное единство".

"Финансируемая из-за рубежа американскими и немецкими врагами России ваша газетенка наносит вред единству славянских народов", - сцвярджаецца ў лісце. Яго аўтары патрабуюць ад рэдакцыі выдання на працягу месяца перагледзець сваю інфармацыйную палітыку і "прекратить публикации, дискредитирующие существующую в Беларуси власть и глубоко уважаемого нами первого президента Александра Григорьевича Лукашенко, ведь он ведет непримиримую, вселенскую борьбу за величие славянских народов с жидами и либералами всех мастей, которые стремятся поработить великий русский народ".

У адваротным выпадку выказваюцца пагрозы задзейнічаць "все свои ресурсы и связи в коридорах власти", каб максімальна хутка закрыць газету.

Тэкст ліста дапаўняе малюнак - малады мужчына ў ваеннай форме, аздобленай свастыкай, трымае ў адной руцэ падвешанага на вяроўцы чалавека, на грудзях якога намалёвана зорка Давіда, а з кішэняў сыплюцца долары, а ў другой - меч. Пад малюнкам подпіс: "Очистим Россию!".

Галоўны рэдактар газеты Уладзімір Базан паведаміў, што калектыў намераны звярнуцца ў праваахоўныя органы з патрабаваннем выявіць і прыцягнуць да адказнасці аўтараў гэтага ліста.

Нагадаем, што 18 ліпеня ананімныя пагрозы ў свой адрас атрымалі журналісты недзяржаўнай газеты "Intex-press" ў Баранавічах. На зварот ў міліцыю, рэдакцыя атрымала адказ, што ў ходзе пошукавых мерапрыемстваў злачынцаў выявіць не ўдалося. Таксама месяц таму падобныя пагрозы ад РНЕ атрымала старшыня віцебскай гарадской арганізацыі АГП.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"