Флэш-моб "Вольная прэса" адбыўся ў Барысаве
Флэш-моб ў падтрымку незалежнай прэсы адбыўся 12 жніўня ў Барысаве. Некалькі дзесяткаў мінакоў а 16-й гадзіне сабраліся ў цэнтры горада каля выканкама і пачалі дэманстратыўна чытаць недзяржаўныя выданні: мясцовую газету "Борисовские новости", "Народную волю", "Нашу Ніву" і інш.
Праз хвілін 20 удзельнікі акцыі накіраваліся да бліжэйшага кіёска "Белсаюздруку" і па чарзе пыталіся, ці ёсць у продажы газета "Борисовские новости".
Трэба адзначыць, што газету немагчыма набыць такім чынам, бо ў 2005 годзе прадпрыемства "Мінаблсаюздрук" анулявала дамову з рэдакцыяй на продаж у кіёсках, а РУП "Белпошта" не ўнесла газету ў падпісны каталог на 2006 год і адмовілася заключыць дамову на прыём і дастаўку падпісных накладаў.
Вельмі хутка кіёск зачыніўся. Міліцыя не ўмешвалася і толькі назірала за ходам акцыі.
Падобны флэш-моб адбыўся ў Барысаве роўна год таму. Гэта была рэакцыя барысаўчан на ўціск мясцовай недзяржаўнай прэсы.
Прэс-служба ГА "Беларусская асацыяцыя журналістаў"