Распаўсюднік недзяржаўнай газеты затрыманы ў Пінску
За распаўсюд недзяржаўнай газеты "Народная воля" ў Пінску быў затрыманы грамадскі актывіст Аляксандр Рамановіч, які 10 жніўня бясплатна раздаваў выданне на вуліцы Ленінградскай у цэнтры горада. Супрацоўнікі міліцыі Пінскага ГАУС канфіскавалі 261 асобнік газеты, а спадара Рамановіча адвезлі ў аддзяленне, дзе на яго быў складзены пратакол.
У пратаколе адабрання паведамляецца, што на момант затрымання ў А.Рамановіча не было пры сабе афіцыйнага дазволу на распаўсюд газеты, а таксама ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што дадзеныя асобнікі газеты атрыманы ў тыпаграфіі, дзе друкуецца "Народная воля".
Праз нейкі час пасля затрымання супрацоўнік газеты "Мясцовы час" прывёз ў Гарадскі аддзел міліцыі дакументы, згодна якім А.Рамановічу дазволена распаўсюджваць газеты. Аднак супрацоўнік міліцыі адмовіўся іх паглядзець і зрабіць аб гэтым у пратаколе адпаведны запіс.
Праз 3 гадзіны пасля затрымання Аляксандра Рамановіча адпусцілі. Адабраныя асобнікі "Народнай волі" будуць знаходзяцца ў Пінскім ГАУС да вырашэння пытання па сутнасці, - сцвярджаецца ў пратаколе.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"