Двое сутак арышту ў працяг штрафу за распаўсюд недзяржаўнай газеты
Сёння пасля 2-х сутак ўтрымання за кратамі ў міліцэйскім ізалятары-размеркавальніку выходзіць на волю горацкі распаўсюджвальнік рэгіянальнага і нацыянальнага недзяржаўнага друку Дзям'ян Франкоўскі. Пакаранне арыштам гэтага вядомага ў Горках актывіста стала працягам адміністратыўнай справы, заведзенай на яго яшчэ сёлета ў траўні.
Дзям'ян Франкоўскі тады быў затрыманы міліцэйскім нарадам на вуліцы ў момант, калі бясплатна раздаваў мінакам свежы нумар "Народнай волі". Па міліцэйскім пратаколе за распаўсюд друкаванай прадукцыі "у недазволеным месцы і без адпаведных дакументаў" раённы суд пакараў яго штрафам у 20 базавых велічыняў. За тое, што да гэтага часу Дзям'ян Франкоўскі, нязгодны з гэтым прысудам, не выплаціў спагнанне, ён і быў змешчаны ў ізалятар. На гэты момант бескарыслівы распаўсюджвальнік недзяржаўнай прэсы пакуль не прыняў канчатковага рашэння - заплаціць штраф альбо і далей аспрэчваць яго накладанне.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"